Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навагодняя перастаноўка ва Ўкраіне: перад віншаваньнем Парашэнкі Зяленскі заявіў, што ідзе ў прэзыдэнты


Уладзімір Зяленскі, архіўнае фота
Уладзімір Зяленскі, архіўнае фота

Актор і кіраўнік студыі «Квартал 95» Уладзімір Зяленскі заявіў, што возьме ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі, якая пачалася 31 сьнежня. Заяву Зяленскага перад надыходам новага году паказаў тэлеканал «1+1», які трансьлюе прадукты «Кварталу 95». Навагодні зварот дзейнага прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі тэлеканал паказаў пасьля 00:00, піша Hromadske.ua.

Паводле Зяленскага, ён вырашыў «спрабаваць самаму нешта зьмяніць ва Ўкраіне». Раней Зяленскі казаў, што думае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах.​

Ці ёсьць у Зяленскага шанец?

Паводле апытаньняў фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы», лідзіруюць Юлія Цімашэнка (16,1%) і Пятро Парашэнка (13,8%). Далей ідуць гумарыст Уладзімір Зяленскі (8,8%), прадстаўнік папярэдняй партыі ўлады Юры Бойка (8,4%), экс-міністар абароны Анатоль Грыцэнка (6,8%), лідэр Радыкальнай партыі Алег Ляшко (6,9%), яшчэ адзін прадстаўнік былой партыі ўлады Яўген Мураеў (3,1%), сябра партыі «УКРОП» Аляксандар Шаўчэнка (2,9%), сьпявак Сьвятаслаў Вакарчук (2,6%) і мэр Львова Андрэй Садавы (2,4%).

У пераліку прэтэндэнтаў і два былыя амбасадары Ўкраіны ў Беларусі — Раман Бязьсьмертны і Валянцін Налівайчанка. Аднак паводле сацыялягічных апытаньняў яны не набіраюць нават аднаго адсотку галасоў выбаршчыкаў.

Зьвязаная зь Зяленскім партыя «Слуга народу» была зарэгістраваная ў 2013 годзе як «Партыя рашучых зьменаў». У 2017 годзе арганізацыя зьмяніла назву.

Прэзыдэнцкая кампанія пачалася ва Ўкраіне 31 сьнежня 2018 году. Самі выбары кіраўніка дзяржавы прызначылі на 31 сакавіка 2019 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG