У Афганістане прэзыдэнцкія выбары адтэрмінаваныя на тры месяцы і, як цяпер заплянавана, маюць адбыцца 20 ліпеня. Пра гэта паведаміла агенцтва France-Presse са спасылкай на кіраўніка Незалежнай выбарчай камісіі.
Абдул Бадзі Саяд заявіў 30 сьнежня, што выбары правінцыйных і раённых органаў улады, а таксама адкладзеныя раней парлямэнцкія выбары ў правінцыі Газьні адбудуцца адначасова з прэзыдэнцкімі.
Раней прадстаўнікі Незалежнай выбарчай камісіі прызналі, што разглядаюць магчымасьць адтэрміноўкі выбараў, якія першапачаткова меліся адбыцца ў красавіку 2019 году. Прычынамі адтэрміноўкі называліся позьняя рэгістрацыя кандыдатаў і пытаньні тэхнічнага забесьпячэньня галасаваньня.
Рэгістрацыя кандыдатаў распачалася 22 сьнежня і, як чакалася, мусіла завяршыцца 2 студзеня, аднак да гэтага часу ахвочых зарэгістравацца відавочна не хапае, заявіў Забі Садат, прадстаўнік Незалежнай выбарчай камісіі Афганістану.
Камісія яшчэ не завяршыла апрацоўку ўсіх бюлетэняў парлямэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў кастрычніку. Цэнтральныя органы ўлады ў Афганістане ўжо працяглы час спрабуюць знайсьці магчымасьці для заключэньня мірнага пагадненьня з галоўнай апазыцыйнай сілай краіны — рухам Талібан. У Кабуле разьлічваюць, што мірнае пагадненьне з талібамі можа быць дасягнута да красавіка 2019 году.