Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Махляр з Расеі ашукаў тры беларускія малочныя заводы на 1,5 мільёны даляраў


Ілюстрацыйнае фота

Больш за 2,7 мільёны беларускіх рублёў страцілі тры прадпрыемствы Менскай вобласьці праз махлярства кампаніі з Расем.

Пракуратура Менскай вобласьці ўзбудзіла крымінальныя справы па фактах махлярства ў асабліва буйным памеры паводле матэрыялаў праверкі аб пратэрмінаванай зьнешняй дэбіторскай запазычанасьці трох прадпрыемстваў малочнай прамысловасьці.

У выніку ашуканскай схемы падазраванага, гендырэктара адной з расейскіх кампаній, тром беларускім малочным прадпрыемствам нанесеная шкода ў памеры больш за 2,7 мільёны беларускіх рублёў.

Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на службу інфармацыі пракуратуры Менскай вобласьці.

«Выяўлена, што генэральны дырэктар аднаго з расейскіх таварыстваў з абмежаванай адказнасьцю, першапачаткова маючы намер падманным шляхам завалодаць маёмасьцю трох прадпрыемстваў малочнай прамысловасьці Менскай вобласьці, у сакавіку і траўні 2017 падпісаў з імі дадатковыя пагадненьні да раней заключаных дамоваў пастаўкі з адтэрміноўкай плацяжу. Пасьля супрацьпраўнага атрыманьня малочнай прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў ён не заплаціў за яе, а грузам распарадзіўся па сваім меркаваньні», – распавялі БЕЛТА ў службе інфармацыі пракуратуры.

Для арганізацыі папярэдняга расьсьледаваньня крымінальныя справы накіраваныя ва ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Менскай вобласьці.

«Органы папярэдняга расьследаваньня дадуць прававую ацэнку і дзеяньням службовых асобаў беларускіх прадпрыемстваў, якія адпусьцілі малочную прадукцыю без папярэдняй аплаты», – дадалі ў службе.

Пасьля ўзбуджэньня крымінальных спраў падазраваны часткова кампэнсаваў шкоду аднаму з трох прадпрыемстваў, выплаціўшы больш за 300 тысяч беларускіх рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG