Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта жыхар райцэнтру тры гады патрабуе замяніць чырвоную зорку на ялінцы


Пяціканцовая зорка на галоўнай навагодняй ялінцы ў Дрыбіне

Жыхар райцэнтру Дрыбін на Магілёўшчыне Андрэй Юркоў патрабуе ад чыноўнікаў, каб з галоўнай ялінкі раёну прыбралі чырвоную зорку. Сваю пазыцыю ён аргумэнтуе тым, што «чырвоная зорка — гэта сымбаль барацьбы з хрысьціянствам, а паколькі Раство — хрысьціянскае сьвята, то чырвонай зоркі на ялінцы ня мусіць быць».

«Я ж не палезу на ялінку скідаць чырвоную зорку»

Свае допісы раённым і абласным ідэолягам Юркоў дасылае напярэдадні навагодніх сьвятаў апошнія тры гады. Паводле яго, з Дрыбінскага райвыканкаму адпісваюць, што «чырвоная зорка не забароненая законам», а з Магілёўскага аблвыканкаму прапануюць «набыць на ялінку альтэрнатыўны сымбаль».

Андрэй Юркоў
Андрэй Юркоў

З прапановай ідэолягаў аблвыканкаму жыхар райцэнтру пагадзіўся і гатовы зьбіраць грошы. Пры гэтым, аднак, ня ўпэўнены, што набытак у яго райвыканкам возьме.

«Праблемаў у зьбіраньні грошай ня бачу, — тлумачыць Юркоў. — Усё залежыць ад таго, які загад будзе вышэйшага начальства райвыканкаму. Я ж сам не палезу на ялінку скідаць гэту зорку. Такія пытаньні маюць вырашацца цывілізавана і афіцыйна».

Зорку мяняць ня будуць, пакуль не пабілася

Адказу з райвыканкаму ён пакуль не атрымаў. У гутарцы з журналістам начальнік аддзелу ідэалягічнай працы райвыканкаму Ларыса Крывіцкая сказала, што райвыканкам ня супраць атрымаць ад Юркова альтэрнатыўны сымбаль на ялінку. Яна прапаноўвала яму абгаварыць нюансы, але мужчына зноў напісаў зварот.

У прыватнай гутарцы зь іншай чыноўніцай райвыканкаму, якая пажадала не называць сябе, журналіст даведаўся, што ялінка на пляц перад райвыканкамам набывалася «ў камплекце з чырвонай зоркай».

«Пакуль чырвоная зорка не прыйшла ў непрыдатнасьць, ці яе не разьбілі, замяніць яе ніяк нельга, бо грошы на яе ўзятыя не з уласнай кішэні», — сказала яна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG