Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маркіроўка генэтычна мадыфікаваных прадуктаў у Беларусі стане больш прыкметнай


У краінах Эўразійскага эканамічнага саюзу, у які ўваходзіць і Беларусь, з 26 сьнежня ўводзяцца дадатковыя патрабаваньні да маркіроўкі прадуктаў з ужываньнем генна-мадыфікаваных арганізмаў (ГМА), паведамляе прэс-служба Эўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК).

Цяпер надпіс «ГМА» будзе наносіцца буйным шрыфтам побач з адзіным знакам абарачэньня прадукцыі на саюзным рынку — ЭАС і павінен адпавядаць яму па форме і памеры.

Паводле ранейшай рэдакцыі тэхрэглямэнту аб маркіроўцы харчовай прадукцыі вытворцы абавязаныя былі інфармаваць пакупнікоў пра ўжываньне і ўтрыманьне ў прадукце больш як 0,9% ГМА надпісамі: «генэтычна мадыфікаваная прадукцыя», «прадукцыя, атрыманая з генна-мадыфікаваных арганізмаў» і г.д. Аднак гэтыя зьвесткі маглі падавацца дробным шрыфтам і ня ў строга вызначаным месцы, што не заўсёды дазваляла заўважыць іх на ўпакоўцы.

Тэхнічны рэглямэнт патрабуе, каб знак ГМА быў лёгка чытэльны і бачны на працягу ўсяго тэрміну прыдатнасьці харчовай прадукцыі.

Генэтычна мадыфікаваны арганізм (ГМА) — арганізм, генатып якога быў штучна зьменены пры дапамозе мэтадаў геннай інжынэрыі. Гэтае вызначэньне можа прымяняцца для расьлін, жывёлаў і мікраарганізмаў.

Усясьветная арганізацыя аховы здароўя дае вузейшае вызначэньне, згодна зь якім генэтычна мадыфікаваныя арганізмы — гэта арганізмы, чый генэтычны матэрыял (ДНК) быў зьменены такім чынам, які немагчымы ў прыродзе ў выніку размнажэньня або натуральнай рэкамбінацыі.

ГМА ня можа трапіць на рынак без дазволу. Працэс допуску ГМА на харчовы рынак вельмі складаны і займае не адзін год.

Беларускае заканадаўства рэгулюе ўвоз, дэтэкцыю і маркіроўку ГМ-прадукцыі. У нашай краіне прынятая так званая беспарогавая сыстэма маркіроўкі, згодна зь якой маркіруюцца ўсе прадукты, якія ўтрымліваюць ГМА або іх кампанэнты ў колькасьці, вышэйшай за памылку мэтаду, г.зн. больш за 0,1%.

У Беларусі на сёньняшні дзень няма масавай вытворчасьці генэтычна мадыфікаванай прадукцыі. Беларускія навукоўцы займаюцца толькі дасьледчай працай па трох кірунках: вытворчасьць бульбы, рапсу і вырошчваньне трансгенных козаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG