Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завершана расьсьледаваньне справы аб выбуху на Скідзельскім цукровым камбінаце


Пасьля здарэньня на Скідзельскім цукровым камбінаце
Пасьля здарэньня на Скідзельскім цукровым камбінаце

Сьледчы камітэт Беларусі завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы аб выбуху на Скідзельскім цукровым камбінаце ў лютым 2017 году. Пра гэта паведамляе аддзел інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю СК.

З улікам аналізу фактычных дадзеных сьледчыя прад’явілі абвінавачаньні ў службовай халатнасьці (арт. 428 КК) галоўнаму інжынэру камбінату, начальніку цэху гатовай прадукцыі і ягонаму намесьніку.

Паводле дадзеных сьледзтва, у выніку здарэньня, якое забрала жыцьці чатырох чалавек, прадпрыемству таксама нанесеная маёмасная шкода на суму больш за 500 тысяч рублёў.

Крымінальную справу перадалі пракурору для накіраваньня ў суд.

25 лютага 2017 году ў начную зьмену на Скідзельскім цукровым камбінаце, які цалкам належыць дзяржаве, здарыўся выбух.

Пылапаветраная сумесь, як паведамлялася тады на сайце Сьледчага камітэту, занялася ў галерэі побач з цэхам пакаваньня і фасаваньня. Дэфармаваліся сьцены цэху, пашкоджаныя вокны і дзьвярныя праёмы. Толькі адна зь пяці супрацоўніц, што апынуліся побач, выжыла.

Паводле інфармацыі Свабоды, пацярпелыя атрымалі выплаты ад прадпрыемства ў памеры сярэдняга заробку за дзесяць гадоў — каля 45–50 тысяч даляраў.

Крымінальную справу адразу завялі паводле артыкула «службовая нядбайнасьць».

Летась у сакавіку затрымалі двух падазраваных: начальніка цэху гатовай прадукцыі Скідзельскага цукровага камбінату Ўладзімера Малашэвіча і ягонага намесьніка Грушэўскага. Пазьней стала вядома пра затрыманьне галоўнага інжынэра Ўладзімера Губарэвіча.

Празь некалькі месяцаў усіх траіх выпусьцілі з-пад варты. Калі пра затрыманьне паведамлялася на сайце Сьледчага камітэту і ў шмат якіх мэдыях, то выхад з-пад варты прайшоў незаўважна для грамадзкасьці.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG