Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калядны фэст» зьбярэ аматараў сярэднявечнай і фолк-музыкі 


Калядны фэст, архіўнае фота

25 сьнежня ў менскім клюбе RE:PUBLIC адбудзецца 12-е штогадовае шоў «Калядны фэст». Сёлета на сцэну выйдуць гурты Osimira, Irdorath, Rokash, Znich ды «Стары Ольса».

«Наш фэст — спроба беларускіх музыкаў прадэманстраваць сувязь сучаснасьці з мінулым, — распавялі арганізатары імпрэзы. — Канцэптуальна гэты фэст ня будзе асабліва адрознівацца ад папярэдніх — як заўсёды, мы зьбіраем найбольш цікавыя гурты сярэднявечнай і фолк-музыкі».

Удзельнікі "Каляднага фэсту"
Удзельнікі "Каляднага фэсту"

Упершыню возьме ўдзел у фэсьце магілёўскі этна-гурт Osimira. Калектыў створаны ў 2002 годзе, нядаўна вярнуўся да дзейнасьці пасьля доўгага маўчаньня і нават пасьпеў даць некалькі канцэртаў. Цяпер музыкі працуюць над новым альбомам.

Яшчэ адзін удззельнік — Irdorath. Фэнтэзі-фолк гурт арганізаваны ў 2009 годзе і выконвае сярэднявечную і аўтарскую музыку на рэдкіх інструмэнтах. Каманда пасьля завяршэньня летняга фэстывальнага сэзону занялася студыйнай працай, пасьпеўшы зьмяніць інструмэнтальны склад.

Падтрымае імпрэзу і Rokas — гурт, які зьявіўся пры канцы 2004 году як акустычны мэдываль-фолк-праект. Музыка каманды ўяўляе сабой электрычны нэафолк-рок з элемэнтамі арт-року і прагрэсіву. Каманда ўзяла невялікую паўзу ў канцэртнай дзейнасьці і прыступіла да запісу новых песень. Пакуль плянуецца ЕР з працоўнай назвай «Дарогі Дажджу».

Сваёй энэргетыкай на «Калядным фэсьце» падзеліцца і ZNICH. Гурт заснаваны ў 1996 годзе і выкарыстоўвае аўтэнтычныя інструмэнты ды спалучае традыцыйныя вакальныя прыёмы ды моцны гроўлінг. Цяпер калектыў працуе над новай праграмай, плянуе выпусьцiць бліжэйшым часам два клiпы. Нядаўна калектыў паўдзельнічаў у канцэрце-прысвячэньні Аляксандру Кулiнковiчу і неўзабаве накіруецца з гэтым жа праектам у тур па абласьцях.

Гурт "Стары Ольса"
Гурт "Стары Ольса"

Традыцыйна фэст падтрымае гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса», які на лета адзначыць сваё 20-годзьдзе. У рэпэртуары — народныя балады і ваярскія песьні, творы беларускіх кампазытараў эпохі Рэнэсансу, кампазыцыі са збораў прыдворнай музыкі, эўрапейскія папулярныя мэлёдыі сваёй эпохі. Гурт шмат гастралюе, сёлета адкрыў новую краіну — Румынію, дзе выступіў на фэсьце Дракулы ў Бухарэсьце. Акрамя таго, калектыў стварае батлейку і рыхтуе спэктакаль «Трыстан і Ізольда» — беларускую вэрсію аповесьці, найбольш поўную з усіх існуючых. Лідар гурту Зьміцер Сасноўскі будзе вядоўцам «Каляднага фэсту».

Пачатак імпрэзы а 17:30. Квiткi — 20-25 рублёў на танцпадлогу і 35 рублёў зь месцам за столікам. Першай сотні наведнікаў арганізатары абяцаюць у падарунак кампакт-дыск Vicious Crusade.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG