Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад ЗША ня будзе працаваць мінімум да 27 сьнежня. А мо і да пачатку студзеня


Ілюстрацыйнае фота

Дырэктар Адміністрацыйна-бюджэтнага ўпраўленьня Белага Дому Мік Малвэйні заявіў у інтэрвію тэлеканалу Fox News, што прыпыненьне працы ўраду ЗША працягнецца мінімум да 27 сьнежня, расказвае «Настоящее время».

«Я думаю, што падзеі ў бліжэйшыя пару дзён будуць разьвівацца ня надта хутка, — казаў Мік Малвэйні. — На мой погляд, цалкам магчыма, што shutdown («шатдаўн», прыпыненьне працы шэрагу фэдэральных структураў праз адсутнасьць прынятага бюджэту) пратрымаецца і пасьля 28 сьнежня — да пачатку працы Кангрэсу новага скліканьня».

Напярэдадні ў ЗША прыпынілі працу некалькі ведамстваў, бо прэзыдэнт Дональд Трамп адмовіўся падпісваць бюджэт краіны, ухвалены Кангрэсам, і запатрабаваў унесьці ў яго 5,7 млрд даляраў на праект будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай. Кангрэс па стане на канец сьнежня быў гатовы выдаць на гэтыя мэты толькі 2,5 млрд даляраў: 2,1 млрд непасрэдна на будаўніцтва і 400 млн на «экстранае рашэньне праблемаў у галіне міграцыі».

Запыты Трампа на дадзены момант ня маюць шанцаў прайсьці Сэнат ЗША, дзе для ўхвалы дакумэнтаў трэба 60 галасоў са 100, а ў рэспубліканцаў ёсьць толькі крыху больш за 50. Новы склад Кангрэсу, які пачне працаваць 3 студзеня і ў якім дэмакраты атрымалі большасьць крэслаў Палаты прадстаўнікоў, хутчэй за ўсё ўхваліць яшчэ больш жорсткі варыянт бюджэту. У ім мае быць толькі 1,3 млрд на «пытаньні памежнага кантролю», бяз грошай на сьцяну.

Перамовы па бюджэце ў Вашынгтоне былі прыпыненыя ў суботу, 22 сьнежня і адновяцца толькі 27 сьнежня, пасьля Калядаў. Кангрэс зьбярэцца ў новым складзе 3 студзеня. Таму праца часткі амэрыканскіх фэдэральных установаў пакуль прыпыненая да ўхваленьня бюджэту.

У нядзелю Трамп у твітэры ў чарговы раз заявіў, што ня бачыць альтэрнатыў праекце будаўніцтва сьцяны, што было адным з ягоных галоўных перадвыбарных абяцаньняў. Паводле яго, такая сьцяна — гэта адзіны спосаб спыніць «плынь наркотыкаў, бандаў, незаконнага перамяшчэньня людзей, крыміналу і шмат чаго іншага ў нашу краіну».

З 1976 году ў ЗША 22 разы абвяшчаўся «шатдаўн». У 10 выпадках працаўнікі фінансаваных урадам установаў і ведамстваў былі адпраўленыя ў вымушаныя адпачынкі. Самым сур'ёзным быў «шатдаўн» ў кастрычніку 2013 году падчас прэзыдэнцтва Барака Абамы, калі рэспубліканская большасьць у Кангрэсе адмовілася прымаць праграму мэдыцынскага страхаваньня Obamacare. Пры Трампе урадавыя структуры прыпыняюць працу ўжо ў трэці раз, але да адпачынкаў супрацоўнікаў пакуль сытуацыя не даходзіла.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG