Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ паведамілі пра гатоўнасьць ЗША вывесьці войскі з Сырыі

абноўлена

Баявыя дзеяньні ў Сырыі (архіўнае фота)
Баявыя дзеяньні ў Сырыі (архіўнае фота)

ЗША пачалі падрыхтоўку да вываду войскаў з Сырыі, паведамляе шэраг амэрыканскіх СМІ са спасылкай на крыніцы.

Па дадзеных агенцтва Bloomberg, загад аб вывадзе войскаў даў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Па дадзеных Wall Street Journal, Вашынгтон мае намер цалкам вывесьці войскі з паўночна-ўсходняй Сырыі, дзе амэрыканская армія аказвае падтрымку курдзкім фармаваньням. У гэтым рэгіёне дыслякаваныя больш за дзьве тысячы амэрыканскіх салдат.

У сваю чаргу прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў у Твітэры, што «параза ІГІЛ была для мяне адзінай прычынай нашай прысутнасьці там (у Сырыі — РС)».

У верасьні дарадца Трампа па нацыянальнай бясьпецы ЗША Джон Болтан заяўляў, што ЗША захаваюць ваенную прысутнасьць у Сырыі да таго часу, пакуль свае войскі з гэтай краіны ня выведзе Іран.

Па дадзеных Reuters, над рашэньнем вывесьці войскі з Сырыі задумаліся пасьля таго, як Ісламская дзяржава страціла амаль усе тэрыторыі, якія раней знаходзіліся пад кантролем узброенай групоўкі.

У той жа час міністар абароны ЗША Джэймс Маціс раней неаднаразова заяўляў, што прадугледжваецца больш доўгі тэрмін знаходжаньня амэрыканскіх сіл у Сырыі.

Самаабвешчаны халіфат — «Ісламская дзяржава» распаўся пасьля шэрагу наступальных апэрацый у Іраку і Сырыі, аднак баевікі па-ранейшаму актыўна дзейнічаюць у пустым памежным рэгіёне, зьдзяйсьняючы партызанскія вылазкі, піша Голас Амэрыкі.

Сырыйская назіральная рада па правам чалавека паведаміла ў сераду, што баявікі «Ісламскай дзяржавы» за апошнія два месяцы пакаралі сьмерцю амаль 700 палонных на ўсходзе Сырыі.

Сырыйскія дэмакратычныя сілы і курдзкія атрады народнай самаабароны ўжо некалькі месяцаў змагаюцца з Ісламскай дзяржавай у гэтым раёне пры падтрымцы амэрыканскай авіяцыі і сіл спэцыяльнага прызначэньня.

Як распавёў на мінулым тыдні агенцтву Reuters камандуючы Сырыйскіх дэмакратычных сілаў Мазлум Кобань, у анкляве па-ранейшаму знаходзяцца ня менш за 5 000 баевікоў Ісламскай дзяржавы, у тым ліку шмат замежнікаў, якія, падобна, гатовыя біцца да сьмерці.

Аб разгроме гэтай тэрарыстычнай групоўкі розныя краіны, у тым ліку Расея і ЗША, заяўлялі з канца 2017 году. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін аб’яўляў аб вывадзе расейскіх войскаў з тэрыторыі Сырыі тройчы. Але пры гэтым у Сырыі на сталай аснове працягваюць дзейнічаць два пункты базаваньня расейскіх вайскоўцаў — порт у Тартусе і авіябаза ў Хмейміме, а таксама СПА.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG