Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне будуць караць за булінг. Тлумачым, што гэта


Вярхоўная Рада Ўкраіны падтрымала ўвядзеньне штрафаў за булінг (цкаваньне) навучэнцаў. Адпаведнае рашэньне падтрымалі 228 народных дэпутатаў.

Законапраект вызначае булінг як «дзеяньні ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу, якія палягаюць у псыхалягічным, фізычным, эканамічным, сэксуальным гвалце, у тым ліку з ужываньнем сродкаў электронных камунікацый, якія ўчыняюцца ў дачыненьні да малалетняй або непаўнагадовай асобы або адносна іншых удзельнікаў адукацыйнага працэсу, у выніку чаго магла быць ці была зробленая шкода псыхічнаму або фізычнаму здароўю пацярпелага».

Згодна з законапраектам, булінг караецца штрафам у памеры 850-1700 грыўняў (60 -120 беларускіх рублёў) або грамадзкімі працамі на тэрмін ад 20 да 40 гадзінаў. Калі перасьлед учынены паўторна ці групай людзей, пакараньне робіцца больш жорсткім – 1700-3400 грыўняў (120-240 беларускіх рублёў) штрафу або грамадзкія працы на тэрмін ад 40 да 60 гадзінаў.

Калі правапарушэньне ўчыненае малалетнімі або непаўналетнімі асобамі ва ўзросьце ад 14 да 16 гадоў, іх бацькоў або апекуноў будуць караць штрафам у памеры а 850-1700 грыўняў або грамадзкімі працамі на тэрмін ад 20 да 40 гадзін.

6 жніўня міністэрства юстыцыі пачало інфармацыйную кампанію «# СтопБулінг», арыентаваную на дзяцей і іх бацькоў.

Паводле дадзеных дасьледаваньня «UNICEF Украіны», якое было праведзенае ў 2017 годзе, 67% дзяцей сутыкаліся з булінгам (былі ахвярай ці сьведкам), а 40% пацярпелых ад перасьледу наогул ні з кім не дзяліліся праблемай і не зьвярталіся па дапамогу.

Булінг (ад ангельскага bullying) – цкаваньне, запалохваньне, агрэсіўны перасьлед аднаго з чальцоў калектыву з боку іншых прадстаўнікоў калектыву. Такія паводзіны маюць на мэце самасьцьвердзіцца за кошт некага, падпарадкаваць асобу сваім інтарэсам або заслужыць сабе агульны аўтарытэт. Гэта зьява ўсё больш распаўсюджваецца як ва Ўкраіне, гэтак і ва ўсім сьвеце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG