Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК расьсьледуе крадзеж дронаў у аэрапорце. А тых, што зьніклі на Дзень Волі, і не шукаюць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сьледчы камітэт высьвятляе абставіны крадзяжу квадракоптэраў са складу лягістычнага цэнтру менскага аэрапорту, паведамляе прэс-служба СК.

Сьледчыя высьветлілі, што 8 дронаў з транспартна-лягістычнага цэнтру менскага аэрапорту выкралі 21 лістапада 28-гадовы і 43-гадовы мужчыны, якія працавалі там грузчыкамі. Потым вывезьлі іх за тэрыторыю аэрапорту і прадалі. Цана выкрадзеных дронаў — больш за 6 тысяч рублёў.

Затрыманым пагражае ад 2 да 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Іх дзеяньні сьледчыя кваліфікавалі паводле ч. 3 арт. 205 (крадзеж у буйным памеры) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Выкрадзеныя дроны канфіскавалі.

Пра дроны, якія зьніклі на Дзень Волі, не чуваць і дагэтуль

Празь дзень пасьля канцэрту да 100-годзьдзя незалежнасьці БНР арганізатары паведамілі, што 25 сакавіка над пляцоўкай каля опэрнага тэатру зьнікла каля дзясятка дронаў, якія здымалі відэа для незалежных СМІ і прыватных асобаў, у тым ліку бесьпілётнікі, якія працавалі для «Белсату» і Tut.by.

Кіраваньне імі нібыта нехта перахапіў, скіраваўшы апараты на дах Опэрнага тэатру, дзе стаялі «людзі ў цывільным» зь нявызначанай апаратурай.​ Яшчэ некалькі дронаў мелі праблемы з кіраваньнем.

Уладальнікі зьніклых дронаў зьвярталіся ў міліцыю, але празь пэўны час атрымалі афіцыйны ліст, што «праведзенымі мерапрыемствамі высьветліць месцазнаходжаньне маёмасьці не было магчымым».

Супрацоўнік Tut.by у сваім звароце ў міліцыю выказаў здагадку, што прыладу канфіскавалі праваахоўныя органы, якія адказвалі за бясьпеку акцыі. На гэта міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч адказаў, што «мог быць тэхнічны промах апэратара, мог быць збой у працы кіраўнікоў сыстэм, а маглі сагнаць — не выключаю нічога, разьбіраемся». Але пазьней у ведамстве прыйшлі да высновы, што закону ніхто не парушаў.

Дрон Свабоды на Дні Волі таксама спрабавалі сагнаць. Спачатку квадракоптар перастаў бачыць спадарожнікі і адправіўся ў некіраваны палёт. Пазьней гаспадар беспілётнага апарата здолеў аднавіць кіраваньне над ім і вярнуць на базу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG