Ангельскі актор, пісьменьнік, драматург і грамадзкі дзеяч Стывэн Фрай выказаўся ў падтрымку затрыманых удзельнікаў пэрформансу «Дэканструкцыя міліцыянта» ў Менску.
«Падтрымайце адважных людзей з Беларускага Свабоднага тэатру, якія выступаюць ад імя ЛГБТ, нягледзячы на крайнюю правакацыю, перасьлед, рэпрэсіі, арышт і гвалт. Як мінімум, рэтвіт быў бы вітаны як акт салідарнасьці», — напісаў ён у Твітэры.
Навучэнцы студыі «Фортэнбрас» пры Беларускім Свабодным тэатры правялі 28 лістапада ў гандлёвым цэнтры «Замак» у Менску пэрформанс «Дэканструкцыя міліцыянта».
Удзельнікі пэрформансу апрануліся ў міліцэйскую форму з сымболікай ЛГБТ (пагонамі вясёлкавых колераў) і пыталіся ў мінакоў у гандлёвым цэнтры, чаму тыя не ўсьміхаюцца. Тым, хто ў адказ усьміхаўся, акторы раздавалі цукеркі і танчылі.
Больш як праз тыдзень пасьля правядзеньня пэрформансу ў гандлёвым цэнтры «Замак» у інтэрнэце зьявілася відэа гэтай падзеі. Пасьля гэтага ўдзельніка пэрформансу Дзьмітрыя Яфрэмава арыштавалі на тры дні а затым аштрафавалі ў судзе. Двух іншых удзельнікаў пэрформансу сёньня выклікалі ў Цэнтральны РУУС для допыту, а затым накіравалі ў ізалятар на Акрэсьціна, заўтра будзе суд.