Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскоўскі патрыярх заявіў, што незалежная ўкраінская царква будзе служыць д’яблу. У Кіеве яму адказалі


Архіўнае фота. Маскоўскі патрыярх Кірыл (зьлева) і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін

У Кіеве рыхтуюцца да аб’яднаўчага сабору для стварэньня адзінай памеснай Украінскай праваслаўнай царквы, нягледзячы на ціск з Масквы. Аб’яднаўчы сабор у Кіеве прызначаны на 15 сьнежня.

Кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ), патрыярх Маскоўскі Кірыл (Гундзяеў) лічыць недапушчальным наданьне аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царкве.

«Царква ад д’ябла»

«Гаворка ідзе не пра тое, быць ці ня быць незалежнай царкве ва Ўкраіне. Гаворка ідзе пра тое, якой быць царкве ва Ўкраіне. Царкве Божай, якая творыць волю Божую, ці псэўдацаркве, якая служыць д’яблу? Паслухайце лідэраў расколу, зь якой нянавісьцю яны гавораць! Хіба гэта пастарскае слова, слова любові?» — заявіў патрыярх Кірыла 9 сьнежня, зьвяртаючыся да вернікаў у адным з маскоўскіх храмаў пасьля літургіі.

Кіраўнік РПЦ перакананы, што праваслаўная царква ня можа стварацца пад прымусам.

«Усе тыя, хто намагаецца зацьвердзіць так званую незалежную царкву, дзеля гэтага гатовыя загубіць жыцьці іншых людзей, зламаць іхнае царкоўнае жыцьцё, уварвацца ў храмы і манастыры, захапіць іх сілай... Няўжо мова сілы і нянавісьці ёсьць мовай Божаю?» — дадаў патрыярх Кірыл.

«Падзеі ва Ўкраіне разьвіваюцца ня так, як хоча Масква»

Ва Ўкраінскай праваслаўнай царкве Кіеўскага патрыярхату мяркуюць, што гэтыя выказваньні кіраўніка РПЦ сьведчаць «пра нэрвовае напружаньне», выкліканае немагчымасьцю спыніць працэс стварэньня адзінай памеснай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне.

«На жаль, для кіраўніцтва Маскоўскай патрыярхіі, асабліва пры цяперашнім патрыярху, стала традыцыяй зьмешваць палітычныя і рэлігійна-духоўныя рэчы. На сынодзе ў Менску 15 кастрычніка было прынята выключна палітычнае рашэньне, таксама і тут: калі б ён мог, то і ўкраінскую дзяржаўнасьць абвясьціў бы ад д’ябла. Гэта прыкмета цяжкага неўраўнаважанага стану, выкліканага тым, што падзеі ва Ўкраіне разьвіваюцца зусім ня так, як гэтага хочацца ў Маскве», — сказаў Свабодзе архіяпіскап Яўстраці (Зара), сьпікер Кіеўскага патрыярхату.

Паводле яго, заявы патрыярха Кірыла супярэчаць і багаслоўскай практыцы:

«Ні ў веравучэньні царквы, ні ў ладзе царкоўнага жыцьця, ні ў кананічных традыцыях украінская царква ня будзе мець адрозьненьняў ад іншых праваслаўных цэркваў».

Уладыка Яўстраці таксама паведаміў Свабодзе, што, нягледзячы на забарону Маскоўскага патрыярхату сваім сьвятарам браць удзел у аб’яднаўчым саборы, каля 10 архіярэяў не адмовіліся ад такіх намераў.

«Мы ня ведаем дакладнай колькасьці сьвятароў, якія будуць на аб’яднаўчым саборы, але, хутчэй за ўсё, як гэта гаварылася раней, недзе да 10 архіярэяў будуць удзельнічаць напэўна. Мяркую, што хтосьці з тых, хто патэнцыйна можа ўзяць удзел, яшчэ самі разважаюць над тым, якое рашэньне ўхваліць».

Сабор зьбярэцца ў храме Сьвятой Сафіі

На мінулым тыдні Кіеўскі патрыярхат правёў сынод, на якім ухваліў рашэньне аб правядзеньні 13 сьнежня свайго архіярэйскага сабору. Сьвятары Кіеўскага патрыярхату таксама прапанавалі адкрытую працэдуру галасаваньня за кіраўніка адзінай памеснай царквы.

Ва Ўкраінскай аўтакефальнай праваслаўнай царкве, якая папярэдне пацьвердзіла свой удзел у аб’яднаўчым саборы, пакуль не паведамляюць пра свае дзеяньні ў працэсе стварэньня адзінай памеснай царквы.

Маскоўскі патрыярхат на паседжаньні сыноду 7 сьнежня ўхваліў рашэньне аб забароне ўдзелу ў аб’яднаўчым саборы 15 сьнежня:

«На падставе рашэньня Сыноду япіскапаў ад 13 лістапада 2018 году, епіскапату, духавенству, манаству і вернікам Украінскай праваслаўнай царквы ўдзельнічаць у так званым аб’яднаўчым саборы не добраслаўляецца. Сьвяты Сынод асабліва зьвяртае ўвагу, што ніхто зь ліку сьвятароў або вернікаў не ўпаўнаважваецца прадстаўляць Украінскую праваслаўную царкву на гэтым сходзе», — адзначалася ў рашэньні Сыноду УПЦ МП.

Канстантынопальскі патрыярхат прызначыў на 15 сьнежня правядзеньне аб’яднаўчага сабору праваслаўных цэркваў краіны, на якім абвесьцяць пра стварэньне адзінай памеснай царквы Ўкраіны і выберуць яе кіраўніка. Сабор адбудзецца ў Кіеве, у Сафійскім саборы. Украінскія грамадзкія дзеячы заклікалі ўсіх вернікаў падтрымаць сабор і прыйсьці ў гэты дзень на Сафійскую плошчу, каб разам памаліцца за стварэньне адзінай праваслаўнай царквы.

Грэка-каталікі падтрымалі аб’яднаўчы сабор праваслаўных

Аб падтрымцы аб’яднаўчага працэсу праваслаўных заявіў і кіраўнік Украінскай грэка-каталіцкай царквы патрыярх Сьвятаслаў (Шаўчук) — ён заклікаў сваіх прыхаджанаў «маліцца за праваслаўных братоў напярэдадні абʼяднаўчага сабору»:

«Хоць мы не бяром удзелу як грэка-каталікі, але нам не абыякава, як жывуць нашыя браты. Мы абяцалі, што будзем за іх маліцца. Таму я прашу вас, у прыватнасьці на гэтым тыдні: памаліцеся за адзінства, за Божае дабраславеньне для гэтага абʼяднаўчага сабору праваслаўных Украіны. Думаю, яны ў гэтым маюць патрэбу і будуць нам за гэта вельмі ўдзячныя. Яны будуць адчуваць, што грэка-каталікі — іхныя адзінакроўныя браты, якія паходзяць з той жа купелі роўнаапостальнага князя Ўладзіміра», — сказаў у сваім звароце Сьвятаслаў Шаўчук.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG