Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт правоў чалавека ААН чакае, што за 4 гады Беларусь выканае 60 рэкамэндацый


У канцы кастрычніка Беларусь упершыню за 20 гадоў дала справаздачу ў Камітэце правоў чалавека ААН. Пазыцыя ўладаў: у нас ўсё добра з правамі чалавека. Камітэт ААН на справаздачу адрэагаваў рэкамэндацыямі. Іх 60.

Што можна зрабіць, каб рэкамэндацыі не засталіся на паперы, у Гомелі 9 сьнежня абмеркавалі 20 беларускіх праваабаронцаў.

Альтэрнатыўная справаздача

Да сэсіі ў Жэнэве ў канцы кастрычніка беларускія праваабаронцы падрыхтавалі альтэрнатыўную справаздачу па правах чалавека. Камітэт правоў чалавека ААН выслухаў і ўладу, і яе апанэнтаў-праваабаронцаў. 60 рэкамэндацый міжнароднай структуры тычацца

  • барацьбы з дыскрымінацыяй і абароны правоў інвалідаў
  • крымінальнай адказнасьці за хатні гвалт
  • дыскрымінацыі цыганоў
  • дыскрымінацыі людзей паводле сэксуальнай арыентацыі
  • адсутнасьці прагрэсу ў пытаньні сьмяротнага пакараньня
  • жорсткае абыходжаньне са зьняволенымі
  • свабоды слова, мірных сходаў, асацыяцый
  • абмежаваньне доступу ў інтэрнэт

Камітэт чакае адказ Беларусі на 60 рэкамэндацый праз чатыры гады, у 2020 годзе. Ці будуць беларускія ўлады рэагаваць на рэкамэндацыі — невядома.

Беларускія праваабаронцы сёньня ў Гомелі абмеркавалі рэкамэндацыі і вызначыліся — куды кінуць сілы, каб праз чатыры гады рэкамэндацый было прынамсі менш за 60.

Неразуменьне сутнасьці правоў чалавека

Алег Агееў
Алег Агееў

Алег Агееў назваў праблемай тое, што ў большасьці беларускіх чыноўнікаў адсутнічае элемэнтарнае разуменьне сутнасьці правоў чалавека:

«На сэсіі Камітэта ААН часам паводзіны нашых чыноўнікаў былі падобныя на тое, як паводзіць сябе вучань, калі ня ведае прадмет напоўніцу — з выклікам, кампэнсуючы гэтым часта неразуменьне сутнасьці пытаньня. Практычна прадстаўнікі ўсіх дзяржаўных органаў гэтым грашылі», — выказаўся праваабаронца.

Паводле яго, пазыцыя чыноўнікаў была такая: мы не адмаўляемся ад супрацоўніцтва з Камітэтам правоў чалавека ААН, але рабіць нічога ня будзем.

Як рухацца наперад

Што рабіць, каб чыноўнікі пачалі працаваць над праблемамі ў галіне правоў чалавека?

Тамара Сяргей
Тамара Сяргей

Тамара Сяргей раіць праваабарончай супольнасьці да наступнай справаздачы зрабіць усё, каб наша дзяржава выступіла зноў, і прадставіла справаздачу:

«Наша задача — зрабіць такім чынам, каб нашы чыноўнікі ў Камітэце ААН выступалі годна. Бо гэта наша краіна, наша дзяржава. Мы разам нясём за яе адказнасьць».

Праваабаронца раіць больш кантактаваць з чыноўнікамі, дэпутатамі, хадзіць на асабістыя прыёмы, даводзіць сваю пазыцыю. «Мы павінны навучыцца размаўляць з чыноўнікамі. Там шмат адэкватных людзей», — упэўнена Тамара Сяргей.

Сьмяротнае пакараньне

Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

Андрэй Стрыжак выказаўся, што у праблеме крымінальнай адказнасьці за гвалтоўныя зьнікненьні дзяржава магла б прадэманстраваць прагрэс да наступнай справаздачы. Як і ў праблеме сьмяротнага пакараньня:

«Але тут патрэбная палітычная воля. Гэта асабістая пазыцыя кіраўніка дзяржавы — ня ўводзіць забарону на сьмяротнае пакараньне», — дадаў праваабаронца.

Масавыя сходы

Натальля Сацункевіч (у цэнтры)
Натальля Сацункевіч (у цэнтры)

Натальля Сацункевіч не пакідае надзею, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў зьвернуць увагу на альтэрнатыўны закон аб масавых сходах, які падрыхтавалі праваабаронцы з дапамогай міжнародных экспэртаў. Цяперашні закон як мінімум на 30% не адпавядае міжнародным стандартам.

Пастановы нарады

Вынік сходу падвёў кіраўнік гомельскай філіі праваабарончага цэнтру «Вясна» Андрэй Стрыжак. Праваабарончая супольнасьць вырашыла сканцэнтравацца на:

  • прасоўваньні альтэрнатыўнага закону аб масавых сходах праз адвакацыйную кампанію
  • пасьлядоўнай працы для адмены сьмяротнага пакараньня. Першым крокам можа стаць часовая мера абароны асуджанага. Калі абвінавачаны падае скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН, а дзяржава яго расстрэльвае, не чакаючы рашэньня.
  • уключэньне ў працу па выкананьні дзяржавай Нацыянальнага пляну правоў чалавека. Першы крок — зьвярнуцца ў Савет міністраў, каб яны ўнесьлі зьмены ў міжведамасны плян і ўключылі туды 60 рэкамэндацый Камітэту ААН. Гэта дазволіць «узаконіць» на нацыянальным узроўні рэкамэндацыі ААН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG