Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне было сорамна, капец!» — вазочнік Саша Аўдзевіч расказаў, як і чаму абмачыўся ў самалёце Масква — Менск


Аляксандар Аўдзевіч, Ліда

Вазочнік зь Ліды Саша Аўдзевіч расказаў, як ня змог стрымацца па малой патрэбе ў самалёце і патлумачыў Свабодзе, чаму ў гэтай сытуацыі не магло быць добрага выйсьця.

«Зара ўсё як пацячэ»

Нестандартны выпадак з мокрымі штанамі адбыўся ўдзень 9 сьнежня, калі Саша вяртаўся дадому самалётам кампаніі «Аэрофлот». Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Саша, як і многія вазочнікі, не адчувае, калі хоча схадзіць па малой патрэбе, бо не працуюць адказныя за гэта нэрвовыя канчаткі. Таму ўвесь час ён фактычна носіць маленькі туалет на сабе. Ён карыстаецца урапрэзэрватывам — прыстасаваньнем, якое мацуецца да цела клеем. У адрозьненьне ад звычайнага прэзэрватыва яно мае яшчэ шлянг і пакет для мачы, што трымаецца на назе.

У самалёце гэтае прыстасаваньне выпадкова зьляцела.

«Мой самы вялікі страх: вылецеў прэзік, клей не ўтрымаў. І якраз паесьці прынесьлі... Побач сядзіць буйны лысы мужык. Ён таксама бярэ чай, ежу, мне перадае. А я разумею, што зара ўсё як пацячэ... Капец, сорамна. Я ж дарослы мужык, злуюся на сябе, і нічога не зрабіць», — напісаў Саша ў Фэйсбуку.

Ні ў кога не папрасіў дапамогі

Ён ляцеў адзін, без суправаджэньня, меў месца каля акна. Папрасіў у суседа падаць ягоны заплечнік, дастаў ручнік і прыкрыў штаны. Уключыў абдзіманьне над сваім крэслам. Каб заглушыць пах мачы, знайшоў у часопісе старонку з пробнікам туалетнай вады і расьцёр, каб разышоўся водар

Мужчына, які сядзеў побач, ня ведаў, што гэта вазочнік. Ён, на думку Сашы, заўважыў мокрыя штаны, але нічога не сказаў. Саша не тлумачыў.

«Мне было страшэнна сорамна пра гэта казаць і ўсю тэорыю: „Вы ведаеце, я вазочнік, а вазочнікі не адчуваюць, калі хочуць у туалет“», — распавядае хлопец.

Апрача просьбы падаць заплечнік, ён не папрасіў іншай дапамогі ні ў пэрсаналу, ні ў пасажыраў. На ягоную думку, з гэтай сытуацыі не было добрага выхаду. Самалёт быў маленькі. У праходзе паміж крэсламі вазок не праходзіў.

«Наўрад ці мяне нехта выцягне і перасадзіць у бізнэс-клясу або ў туалет, або некуды пасушыць. Стуардэса мініятурная. Я разумею, што яна мяне не данясе на руках. Прасіць хлопцаў, якія сядзяць, таксама саромеесься. Увесь самалёт сядзіць, а цябе цягнуць. Калі я пачну пералазіць праз сядушку суседа, я намачу і яе», — разважае пра складанасьці Саша.

Таму ён вырашыў даляцець пазасталыя 40 мінут на мокрым крэсьле. Выходзіў з самалёта ў мокрых штанах. Пераапрануўся толькі ў туалеце аэрапорта, калі забраў багаж.

«Табе трэба прызнацца ўсяму самалёту, што ты цяпер хочаш у туалет»

Саша мяркуе, што вазочнікам трэба даваць месцы каля туалета, побач з праходам. Ён кажа, што ня меў магчымасьці папрасіць такое месца, калі набываў квіток. На ягоную думку, побач мусіць стаяць вазок або іншае адмысловае крэсла, на якім лёгка можна трапіць у прыбіральню. Дзеля гэтага важна падрыхтаваць пэрсанал да розных магчымых сытуацый з туалетам.

«Табе трэба прызнацца ўсяму самалёту, што ты цяпер хочаш у туалет. Калі цябе вязуць па салёне, то — або ў туалет, або з туалета. Калі ляціш 3-4 гадзіны, трэба пакет з мачой апаражняць. Я незаўважна для ўсіх пераліваў яе ў бутэльку. Але гэта таксама ненармальна», — кажа Саша.

Большасьць вазочнікаў ня здолее схадзіць у туалет у паветры

Дарэчы, Аўдзевіч пратэставаў туалет у самалёце, калі ляцеў у Маскву.

Ён перакананы, што гэтыя прыбіральні не прыстасаваныя для вазочнікаў. Стуардэса дапамагла яму толькі даехаць да туалета. Аднак перасесьці з вазка на ўнітаз аказалася вельмі складана: няма патрэбных парэнчаў, цеснае памяшканьне. Саша здолеў толькі таму, што худы і займаецца спортам. Зь ягоных словаў, большасьць вазочнікаў са слабымі рукамі і лішняй вагай ня здолелі б.

«Табе пастаянна трэба сунуць рукі ў майткі»

Саша распавёў, што сытуацый з мокрымі штанамі і ў яго, і ў любога вазочніка раней было «мільён», але ў самалёце ўпершыню. Урапрэзэрватыў зьлятае пад ціскам, або калі выпадкова пераціскаецца шлянг. За трубкай варта пастаянна сачыць.

«Табе пастаянна трэба сунуць рукі ў майткі, каб яе паправіць», — тлумачыць Саша.

Наагул з урапрэзэрватывамі, на думку вазочніка, ёсьць праблема. Іх не вырабляюць у Беларусі. Набыць іх можна ў «Мэдтэхніцы» або просяць знаёмых прывезьці з-за мяжы.

«Калі я сёньня ня толькі ў Лідзе, але нават у Менску паспрабую набыць, вельмі верагодна, што не знайду свой памер», — мяркуе суразмоўца.

Дарэчы, Саша Аўдзевіч лятаў у Маскву, каб выпрабаваць экзаскелет, а потым прасоўваць у беларускую дзяржаўную сыстэму аховы здароўя. У Беларусі пакуль няма ніводнага экзаскелета. Саша мяркуе, што іх варта набываць для рэабілітацыі людзей пасьля інсультаў, пры ДЦП, расьсеяным склерозе. Вазочнікі зь яго дапамогай могуць хадзіць. Ён каштуе каля 70 тысяч даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG