Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закаханы авантурыст, таленавіты фальсыфікатар. Выйшла кніга пра невядомага Дуніна-Марцінкевіча


Вокладка кнігі Зьмітра Дразда

«Беларускі дакумэнтацыйны цэнтр» выдаў кнігу гісторыка Зьмітра Дразда «Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча». Цікава, што гэта ўжо другі варыянт кнігі з такой назвай. Першы, прымеркаваны да 210-й гадавіны Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, выйшаў сёлета на пачатку лютага. Гэта зборнік артыкулаў, які аўтар хацеў выдаць накладам у 50 асобнікаў. Але літаратуразнаўца Ганна Кісьліцына пераканала Зьмітра Дразда расшырыць кнігу, уключыўшы ў яе ўсе невядомыя раней дакумэнты і абвясьціўшы збор сродкаў на дапоўненае выданьне. У выніку кніга існуе ў двух варыянтах: першы — у адным асобніку, і другі, які толькі што выйшаў — у пяцістах.

Амаль шасьцісотстаронкавы фаліянт зьмяшчае каля двухсот дакумэнтаў, датычных жыцьцяпісу клясыка новай беларускай літаратуры, якія ніколі раней не былі надрукаваныя. А таксама два дзясяткі гістарычных нарысаў аўтара, якія па сваёй захапляльнасьці можна параўнаць з таленавітым гістарычным дэтэктывам. І гэта пры тым, што аўтар нічога не прыдумляў як літаратар, а як дасьледчык толькі сабраў, прааналізаваў і апісаў дакумэнты, якія цягам чатырох гадоў расшукаў у архівах Менску, Гародні, Вільні, Варшавы, Санкт-Пецярбургу, Пярмі.

Зьміцер Дрозд, архіўнае фота
Зьміцер Дрозд, архіўнае фота

Мы ведаем, што Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — гэта беларускі празаік, паэт, драматург, тэатральны крытык, заснавальнік нацыянальнай драматургіі, тэатру. А Зьміцер Дрозд прапануе паглядзець на чалавечую натуру славутага стваральніка несьмяротнай «Пінскай шляхты».

Ну, напрыклад, навошта шляхцічу Вінцэнту Марцінкевічу спатрэбіўся ў прозьвішчы прыдомак Дунін? І ці быў 700 гадоў таму ў ягоных продках нейкі славуты датчанін Пётра Дунін? А ці зарабляў будучы клясык на бязьбеднае жыцьцё, фальсыфікуючы на замову шляхецкія радаводы? І ці праўда, што ён падрабляў нават каралеўскія граматы?

Помнік Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу ў Бабруйску
Помнік Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу ў Бабруйску

Асобнай тэмай выступае ў жыцьцяпісе Дуніна-Марцінкевіча менская турма. Колькі разоў, калі і за што трапляў за яе муры пісьменьнік? Хто і як спрыяў яго вызваленьню? І чаму яго не саслалі ўсьлед за дачкой Камілай у Сыбір за дапамогу паўстанцам 1863-га? Нечаканыя адказы — у невядомых раней дакумэнтах.

Гісторыя ж з выкраданьнем шаснаццацігадовай Юзэфы Бараноўскай, якая мірна сабе ішла лістападаўскім надвячоркам на заняткі ў вучэльню, вартая таленту кінэматаграфістаў. Але пакуль тое, то й чытаньне старонак гісторыі гэтага авантурнага змоўніцтва закаханых малюе ў вачах відзежы тых менскіх падзеяў, як на кінаэкране.

Забранзавелы клясык сышоў з п’едэсталу і стаў неардынарным чалавекам, за якога хвалюесься і якому суперажываеш. Аўтар абяцае яшчэ чатыры тамы разгаданых таямніцаў Дуніна-Марцінкевіча.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG