Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хворая Вольга Завадзкая просіць ва ўладаў зрабіць пандус, каб магла выходзіць з дому


Вольга Завадзкая, архіўнае фота
Вольга Завадзкая, архіўнае фота

Маці зьніклага апэратара Зьмітра Завадзкага Вольга Завадзкая хварэе на рак і мае іншыя праблемы са здароўем, якія не даюць ёй перасоўвацца самой. Яе нявестка Сьвятлана Завадзкая разьмясьціла ў Фэйсбуку заклік дапамагчы ёй усталяваць у пад’езьдзе пандусы.

12 прыступак — як 12 бар’ераў

З дому Вольга Завадзкая выбіраецца на інвалідным вазку, але каб пераадолець 7 прыступак лесьвіцы ад ліфта да дзьвярэй пад’езду, мусіць карыстацца мыліцамі, бо на лесьвіцы няма пандусу.

Тое самае паўтараецца на выхадзе з пад’езду, бо і на ганку пандусу няма — гэта яшчэ 5 прыступак пакут і небясьпекі для Вольгі Завадзкай.

Падʼезд, дзе жыве Вольга Завадзкая
Падʼезд, дзе жыве Вольга Завадзкая

«Звычайна муж Сяргей мяне падтрымлівае, мы выходзім з пад’езду, я сядаю на лаўку, а ён вяртаецца па вазок, ці просіць кагосьці з суседзяў дапамагчы. Пакуль мы спраўляемся, але мне ўсё складаней. Вось сёньня раніцай, калі паехала на чарговую хіміятэрапію, зноў прайшла праз гэтае выпрабаваньне. Таму я зьвярнулася ў сабес раёну па дапамогу. Даслалі адказ, што аб’ект уключаць у плян, але калі тое яшчэ будзе», — сказала Свабодзе Вольга Завадзкая.

Адказ раённых уладаў

16 лістапада Вольга Завадзкая атрымала адказ на свой ліст ад намесьніка кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёну Менску Дзяніса Драпея.

«Патрэбна ўсталяваньне электрапад’ёмніка на лесьвічным маршы і пандусу на ўваходзе ў пад’езд», — прызнаў чыноўнік, але дадаў, што тут ёсьць шэраг цяжкасьцяў.

Паводле Драпея, папярэдні плян працаў па стварэньні безбар’ернага асяродзьдзя на 2019 год у раёне ўжо сфармаваны, грошы на пабудову пандусаў для інвалідаў бяруцца з адмысловай дзяржаўнай праграмы.

«Аб’ект будзе ўключаны ў Дзяржаўны плян на 2019 год у выпадку выдзяленьня дадатковага фінансаваньня», — паведаміў намесьнік кіраўніка раённай адміністрацыі.

Уваход у падʼезд
Уваход у падʼезд

Сьвятлану Завадзкую, якая напісала пра гэтую сытуацыю ў сацыяльных сетках, такі адказ не задаволіў:

«Як кажуць дасьведчаныя людзі, уключэньне ў плян, пошук грошай і будоўля могуць расьцягнуцца гады на тры, але ў нас такога часу можа ня быць. Плюс у выканкаме кажуць, што грошы мусіць даць бюджэт паводле асобнай праграмы для інвалідаў-вазочнікаў, а з гэтым таксама праблема. Бо электрапад’ёмнік будзе каштаваць 30 тысяч рублёў, толькі праект абыдзецца ў 10 тысяч. Ды яшчэ ставяць умову, што павінна быць „тэхнічная магчымасьць“. Ёсьць ідэя ўсталяваць электрапад’ёмнік на грошы, якія зьбяром самастойна, але чыноўнікі могуць замарудзіць працэс праз розныя ўзгадненьні».

ЖЭС прапанаваў усталяваць часовы пандус

Карэспандэнт Свабоды сустрэўся зь Віталём Грынкевічам, начальнікам ЖЭС-112, які абслугоўвае дом на вуліцы Гарэцкага, дзе жыве Вольга Завадзкая.

Віталь Грынкевіч сказаў, што раней Вольга Завадзкая ці яе сваякі да яго не зьвярталіся. У прысутнасьці карэспандэнта Свабоды начальнік ЖЭС Віталь Грынкевіч агледзеў ніжні марш лесьвіцы ў пад’езьдзе, дзе жыве Вольга Завадзкая, і прапанаваў усталяваць там часовы пандус, з дапамогай якога Вольга Завадзкая на інвалідным вазку зможа зьяжджаць да дзьвярэй пад’езду.

«Так, вось тут можна ўсталяваць часовы драўляны пандус, які будзе падымацца і чапляцца да сьцяны, а для выкарыстаньня апускацца на лесьвіцу. Гэта цалкам магчыма. Патрэбная заява і згода жыльцоў пад’езду. Што да электрапад’ёмніка, дык адразу бачу, што ў гэтым месцы ёсьць складанасьці з нормамі пажарнай бясьпекі. Трэба разьбірацца», — сказаў карэспандэнту Свабоды Віталь Грынкевіч.

Адносна пандусу каля пад’езду Віталь Грынкевіч сказаў, што гэта ў кампэтэнцыі ЖКГ, якая абслугоўвае раён.

Вольга Завадзкая гэтак пракамэнтавала прапанову начальніка ЖЭС-112 Віталя Грынкевіча ўсталяваць у яе пад’езьдзе часовы пандус.

«Такі пандус будзе карысны, калі сапраўды будзе працаваць. Мне толькі б хацелася спачатку паглядзець на нейкі праект ці чарцёж, як ён будзе выглядаць. Бо яшчэ вельмі важна, каб ён не замінаў іншым суседзям і выглядаў прыстойна, каб на мяне потым не крыўдавалі суседзі. А за прапанову дзякуй».

У 2000 годзе пад Менскам зьнік сын Вольгі Завадзкай — апэратар тэлеканалу ОРТ Зьміцер Завадзкі, які працаваў разам з Паўлам Шараметам, былым рэдактарам БДГ і адным з крытыкаў Аляксандра Лукашэнкі. Тайна гэтага зьнікненьня дагэтуль не раскрытая. Цела Зьмітра Завадзкага, пазьней прызнанага памерлым, так і не знайшлі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG