Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус, які «сыграў» украінца на расейскім канале. ВІДЭА


Віталь Юрчанка

Віталь Юрчанка зь Менску «сыграў» расчараванага ў Эўрамайдане хлопца з Крывога Рогу. Ён распавядае, якім чынам фэйкавы сюжэт выйшаў на расейскім Першым канале.​

Расейскі «Першы канал» 21 лістапада выпусьціў сюжэт пра гадавіну Эўрамайдану ва Ўкраіне. Расейскі блогер Ільля Варламаў выявіў, у ролі жыхара Крывога Рогу ў сюжэце выканаў менчук Віталь Юрчанка.

У эфіры Свабоды Юрчанка распавёў, што працаваў у стрынгераўскай кампаніі, якая зьяўляецца пасярэднікам паміж тэлекампаніямі і фрылансерамі. У кампанію прыйшла замова ад Першага каналу зьняць сюжэт у Крывым Розе. У адзнятым ва Ўкраіне сюжэце выявілі «тэхнічны брак», у менскай кампаніі прынялі рашэньня зьняць ролік у Менску, а ролю жыхара Крывога Рогу прапанавалі Юрчанку.

«Ад „Першага каналу“ прыйшла замова зьняць ва Ўкраіне сямʼю ці чалавека, якія пацярпелі ад таго, што ў іх няма ацяпленьня ці газу, ці гэта вельмі дорага», — сказаў Свабодзе Юрчанка.

Юрчанка мяркуе, што яму прапанавалі зьняцца ў роліку, бо ён быў «новенькім» у кампаніі. Сюжэт здымалі ў Менску, «у чужой кватэры».

«Калі я адумаўся і вырашыў, што нельга так рабіць, сказаў, што нельга мне ў гэтым удзельнічаць, так паступаць і казаць. А яго на той момант ужо адправілі замоўцу і ў зваротны ход не маглі пусьціць», – сказаў Юрчанка.

«Першы канал» пашкадваў пра сюжэт

«Першы канал» растлумачыў зьяўленьне жыхара Беларусі ў сюжэце пра гадавіну Майдана «нядобрасумленнай» працай стрынгераў, піша ТАСС. Падчас праверкі стрынгеры прызналі, што «сапраўды зьнялі свайго знаёмага», бо здымка была зроблена з тэхнічным бракам.

«Гэта ніяк не апраўдвае іх учынку, стрынгеры ўжо прынесьлі прабачэньні каналу і гатовыя папрасіць прабачэньня перад гледачамі. Мы чакаем гэта відэа і адразу яго апублікуем. Першы канал шкадуе пра адбыўшыся інцыдэнт», – цытуе «Першы канал» ТАСС.

У размове са Свабодай Юрчанка сказаў, што сёньня даў інтэрвію «Першаму каналу». Кампанію, якой тэлеканал замовіў відэа, Юрчанка не назваў.

«Усе думаюць, што яны („Першы канал“ — РС) плоцяць грошы за такія фэйкавыя навіны. І нават тут я сябе адчуваю вінаватым, што на іх так думаюць. Але гэта ня праўда», — сказаў Юрчанка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG