Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пахаваньні Джорджа Буша-старэйшага сабраліся пяць амэрыканскіх прэзыдэнтаў. ВІДЭА


Прэзыдэнты Дональд Трамп, Барак Абама, Біл Клінтан і Джымі Картэр з жонкамі на паваханьні Джорджа Буша-старэйшага. У кадар ня трапіў яшчэ адзін прэзыдэнт ЗША Джордж Буш-малодшы, сын нябожчыка
Прэзыдэнты Дональд Трамп, Барак Абама, Біл Клінтан і Джымі Картэр з жонкамі на паваханьні Джорджа Буша-старэйшага. У кадар ня трапіў яшчэ адзін прэзыдэнт ЗША Джордж Буш-малодшы, сын нябожчыка

У Вашынгтоне ў сераду разьвітваліся з 41-м прэзыдэнтам краіны Джорджам Бушам-старэйшым, які памёр у пятніцу ва ўзросьце 94 гадоў. На пахаваньні прысутнічалі вядомыя палітычныя дзеячы ЗША, у тым ліку пяць амэрыканскіх прэзыдэнтаў, а таксама былыя і дзейныя лідэры іншых краін сьвету, паведамляе «Голас Амэрыкі».

​Экс-прэзыдэнты Джымі Картэр, Біл Клінтан і Барак Абама, а таксама дзейны кіраўнік дзяржавы Дональд Трамп наведалі цырымонію ў Вашынгтонскім катэдральным саборы, а сын нябожчыка, 43-ы прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, выступіў з надмагільнай прамовай.

«Ён навучыў нас, што дзяржаўная служба — высакародная і неабходная справа, — сказаў ён. — Ён валодаў дзівоснай здольнасьцю аддаваць усяго сябе людзям».

У канцы прамовы Буш-малодшы са сьлязамі на вачах назваў свайго бацьку «вялікім і высакародным чалавекам». Прысутныя сустрэлі прамову доўгімі аплядысмэнтамі.

Прэзыдэнт Трамп на пахаваньні не выступаў, але раней напісаў у сваім «Твітэры»: «Гэта не пахаваньне, гэта ўшанаваньне вялікага чалавека, які пражыў доўгае і выдатнае жыцьцё. Нам будзе яго бракаваць!»

Дзейны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп з жонкай Мэланіяй
Дзейны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп з жонкай Мэланіяй

​Напярэдадні прэзыдэнт наведаў сям’ю Бушаў у гасьцявой рэзыдэнцыі ўраду ЗША Блэр-Хаўс, якая разьмяшчаецца непадалёк ад Белага дома.

На пахаваньні Трамп, якога суправаджала жонка Мэланія, паціснуў руку свайму папярэдніку Бараку Абаму, хоць вітаньне выглядала нацягнутым.

У першым шэрагу таксама сядзелі дэмакрат Біл Клінтан, які апярэдзіў Буша-старэйшага на выбарах 1992 году, і ягоная жонка, экс-дзяржсакратар Гілары Клінтан, якая прайграла Трампу на выбарах 2016 году. Буш і Клінтан пасьля сталі блізкімі сябрамі і разам езьдзілі ў іншыя краіны.

На пахаваньні таксама выступілі былы прэм’ер-міністар Канады Браян Малруні, былы амэрыканскі сэнатар Алан Сымпсан і гісторык Джон Мічэм, біёграф Буша-старэйшага. Сымпсан у сваёй прамове сказаў, што Буш быў «выдатным чалавекам ад нараджэньня і да самай сьмерці» і валодаў «прыроджанай высакароднасьцю». Мічэм назваў нябожчыка «апошнім вялікім палітыкам-вайскоўцам Амэрыкі», заявіўшы, што ён «зрабіў жыцьцё краіны ды іншых краін вальнейшым, лепшым, высакароднейшым і цяплейшым».

Пахаваньне наведалі і афіцыйныя асобы зь іншых краін, у тым ліку брытанскі прынц Чарльз, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, кароль Ярданіі Абдала і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Труну Буша, пакрытыю амэрыканскім сьцягам, даставілі ў сабор у суправаджэньні картэжу з ратонды Капітолія, дзе ён быў выстаўлены напярэдадні для ахвотных разьвітацца з экс-прэзыдэнтам. Асабліва кранальны момант здарыўся, калі 95-гадовы былы сэнатар Боб Доўл падняўся з інваліднага крэсла, каб выказаць пашану нябожчыку, які, як і ён сам, быў вэтэранам Другой сусьветнай вайны. Пазьней да труны падышлі Буш-малодшы з жонкай Лорай, падзякаваўшы прысутным за тое, што яны прыйшлі разьвітацца з экс-прэзыдэнтам.

Труну Буша даставілі на авіябазу Эндрус і павезьлі на самалёце ў Х’юстан, штат Тэхас, дзе адбудзецца другая і апошняя паніхіда. Буша пахаваюць на тэрыторыі ягонай прэзыдэнцкай бібліятэкі пры Тэхаскім унівэрсытэце, побач з жонкай Барбарай, якая памерла сёлета ў красавіку, і іхнай дачкой Робін, якая памерла ад лейкеміі ў 1953 годзе ва ўзросьце трох гадоў.

Прэзыдэнт Трамп абвясьціў 5 сьнежня днём нацыянальнай жалобы. У знак павагі да памяці нябожчыка ў гэты дзень была закрытая Нью-Ёркская фондавая біржа, а таксама большасьць урадавых устаноў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG