Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі эсьмінец дэманстратыўна прайшоў паблізу расейскага ўзьбярэжжа ў Японскім моры


Ілюстрацыйнае фота, амэрыканскі ракетны эсьмінец Джон МакКейн
Ілюстрацыйнае фота, амэрыканскі ракетны эсьмінец Джон МакКейн

Вайскова-марскія сілы ЗША накіравалі ракетны эсьмінец USS McCampbell у раён затокі Пятра Вялікага ў Японскім моры, якая знаходзіцца ля паўднёвага ўзьбярэжжа расейскага Прымор’я. Пра гэта паведаміла Рэйчэл Макмар, прэс-сакратарка Ціхаакіянскага флёту ЗША.​

«Эсьмінец McCampbell праплыў у непасрэднай блізкасьці з затокай Пятра Вялікага для таго, каб аспрэчыць празьмерныя... патрабаваньні Расеі і адстаяць правы ЗША ды іншых краін на законнае выкарыстаньне марской прасторы», — гаворыцца ў заяве Макмар, апублікаванай на сайце тэлеканалу CNN.

Злучаныя Штаты не прызнаюць законнымі расейскія тэрытарыяльныя патрабаваньні на ўчасткі Японскага мора, якія знаходзяцца па-за межамі 12-мільнай зоны. Заяўляючы свае прэтэнзіі на гэтыя тэрыторыі, Масква парушае міжнароднае заканадаўства, сьцьвярджаюць у ВМС ЗША.

Затока Пятра Вялікага — найбуйнейшая бухта Японскага мора, на беразе якой знаходзіцца горад Уладзівасток. Тут жа разьмешчаная база расейскага Ціхаакіянскага флёту.

Прадстаўнік Ціхаакіянскага флёту ЗША паведаміў CNN, што ЗША правялі «апэрацыю для свабоднай навігацыі» ў гэтым раёне ўпершыню з 1987 году. Тэрытарыяльныя прэтэнзіі на гэты ўчастак Японскага мора прад’яўляў урад СССР.

Макмар дадала, што свабода навігацыі тычыцца ня толькі Расеі і ня толькі гэтай сытуацыі. Паводле яе, такія апэрацыі праводзяцца для таго, каб устанавіць права свабоднага праходу ў міжнародных водах, а таксама аспрэчыць «празьмерныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі» шэрагу дзяржаў.

На мінулым тыдні амэрыканскі ракетны крэйсэр Chancellorsville праплыў побач са «спрэчнымі» Парасельскімі астравамі ў Паўднёва-Кітайскім моры. Гэты манэўр выклікаў нэгатыўную рэакцыю з боку Пэкіну, які прад’яўляе тэрытарыяльныя прэтэнзіі на гэтыя астравы, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG