Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне абвясьцілі рэабілітацыю рэпрэсаваных у часы СССР. Закране і беларусаў


Ілюстрацыйнае фота. Падчас дэпартацыі крымскіх татараў

Улады Ўкраіны ствараюць рэгіянальныя і Нацыянальную камісію ў пытаньнях рэабілітацыі ахвяраў рэпрэсій камуністычнага рэжыму 1917–1991 гадоў. Яны пачуць прымаць заявы празь некалькі месяцаў.

Гэта будзе першая ў сучаснай Украіне хваля аднаўленьня правоў незаконна асуджаных грамадзян у савецкі час і трэцяя ўвогуле: першыя дзьве, як і ў Беларусі, адбываліся адразу пасьля сьмерці дыктатара Ёсіфа Сталіна і на пачатку 1990-х гадоў.

Але нават у канцы ХХ стагодзьдзя засталася вялікая колькасьць рэпрэсаваных, якія не змаглі дабіцца справядлівасьці, у тым ліку і беларусы, якія трапілі пад перасьлед, знаходзячыся на тэрыторыі падсавецкай Украіны.

З матэрыялаў справы беларуса Нестара Бялоцкага. Былы партызан у 1949 годзе асуджаны на 25 гадоў працоўных лягераў за супрацу з Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў. Не рэабілітаваны дагэтуль
З матэрыялаў справы беларуса Нестара Бялоцкага. Былы партызан у 1949 годзе асуджаны на 25 гадоў працоўных лягераў за супрацу з Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў. Не рэабілітаваны дагэтуль

Як будзе адбывацца рэабілітацыя, Свабодзе расказаў кіраўнік аддзелу прававога забесьпячэньня Ўкраінскага інстытуту нацыянальнай памяці Сяргей Рабенка.

Хто атрымае права на рэабілітацыю?

Адмыслоўцы пакуль ня маюць дакладных зьвестак аб колькасьці рэпрэсаваных, якія застаюцца нерэабілітаванымі.

«На сёньняшні дзень жывых ахвяраў рэпрэсій засталося няшмат, але закон прадугледжвае магчымасьць пасьмяротнай рэабілітацыі», — кажа Сяргей Рабенка.

Паводле яго, магчымасьць аднавіць гістарычную справядлівасьць атрымаюць некалькі катэгорыяў грамадзян, якія паводле савецкіх законаў нават не маглі зьвярнуцца па рэабілітацыю:

«Найперш гэта закране тых асобаў, якія былі дэпартаваныя — прадстаўнікоў крымскататарскага народу, выселеных з Крыму ў 1944 годзе, і іншых нацыянальных груп — палякаў, беларусаў, немцаў, якіх таксама дэпартавалі ў часы Другой усясьветнай вайны і пасьля яе».

Ураджэнца Гарадзеншчыны Максыма Гушчына абвінавацілі ў незаконным перасячэньні мяжы пасьля перадачы Польшчаю групы асобаў савецкім уладам, 1922 год. Лёс беларуса невядомы
Ураджэнца Гарадзеншчыны Максыма Гушчына абвінавацілі ў незаконным перасячэньні мяжы пасьля перадачы Польшчаю групы асобаў савецкім уладам, 1922 год. Лёс беларуса невядомы

У дачыненьні беларусаў такіх вялікіх, як з крымскімі татарамі, дэпартацыйных акцый ва Ўкраіне не праводзілася, але мела месца перасяленьне з паўночна-заходніх раёнаў Украіны напярэдадні нападу Нямеччыны ў 1940-1941 гадах.

«Сярод перасяленцаў былі ня толькі ўкраінцы ці палякі. Цалкам магчыма, што сярод дэпартаваных былі і беларусы. Але падчас рэабілітацыі ўсё гэта будзе дасьледавацца адпаведнай рэабілітацыйнай камісіяй», — кажа Рабенка.

«Другая катэгорыя грамадзян, на якіх будзе распаўсюджаны закон, — асобы, якія цягам ХХ стагодзьдзя вялі ўзброены супраціў савецкай уладзе і змагаліся за незалежнасьць Украіны. Старая рэдакцыя закону не дазваляла такім людзям атрымаць рэабілітацыю, паколькі яны са зброяй у руках супрацьстаялі ўладзе, іх рэабілітацыя тады была малаімавернай», — дадаў Сяргей Рабенка.

Ураджэнец Магілёўскай вобласьці Ігнат Барыбкін абвінавачаны ў здрадзе радзіме — пасьля нямецкага палону ўступіў ва ўкраінскую добраахвотніцкую роту. Асуджаны ў 1944 годзе на 10 гадоў працоўных лягераў. Не рэабілітаваны
Ураджэнец Магілёўскай вобласьці Ігнат Барыбкін абвінавачаны ў здрадзе радзіме — пасьля нямецкага палону ўступіў ва ўкраінскую добраахвотніцкую роту. Асуджаны ў 1944 годзе на 10 гадоў працоўных лягераў. Не рэабілітаваны

Вядома, што беларусы бралі ўдзел ва ўкраінскім вызваленчым руху, ваявалі ў шэрагах Украінскай паўстанцкай арміі і Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, якія ў ваенныя і паваенныя гады (1939–1954) працягвалі змагацца супраць савецкай улады. Некаторыя зь іх загінулі, а іншыя былі арыштаваныя і расстраляныя ці адпраўленыя ў лягеры за «супрацу зь нямецкімі ўладамі».

«Магчымасьць атрымаць рэабілітацыю атрымаюць таксама асобы, рэпрэсаваныя пазасудовымі органамі — рознага кшталту „тройкамі“, „двойкамі“, „асаблівымі нарадамі“ пры НКВД, МГБ, якія насуперак нават дзейнай тады савецкай Канстытуцыі парушалі права затрыманых грамадзян выказаць сваю пазыцыю і нейкім чынам сябе абараніць», — удакладніў прадстаўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці.

Хто можа зьвяртацца

У той жа час працэс рэабілітацыі ня будзе аўтаматычным — для яго пачатку абавязкова патрэбна заява, на падставе якой адпаведная рэгіянальная камісія можа пачаць разгляд дакумэнтаў і доказаў, а пасьля іх вывучэньня накіраваць неабходныя прапановы ў Нацыянальную камісію.

«Закон не абмяжоўвае кола асобаў, якія могуць зьвярнуцца з заявай, выключна сваякамі. Гэта могуць быць як сам рэпрэсаваны, ягоныя сваякі ці нашчадкі, так і Ўпаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека, Украінскі інстытут нацыянальнай памяці або грамадзкія арганізацыя, які займаюцца дасьледаваньнямі рэпрэсій камуністычнага рэжыму.

Як бачыце, кола заяўнікоў даволі шырокае. І калі рэпрэсаваны памёр ці ў яго не засталося сваякоў, то гэта не азначае, што ён ня можа быць рэабілітаваным», — сьцьвярджае Сяргей Рабенка.

Куды зьвяртацца

Цяпер ва ўсіх абласных адміністрацыях ствараюцца рэгіянальныя рэабілітацыйныя камісіі, у Кіеве — цэнтральная пры Ўкраінскім інстытуце нацыянальнай памяці, якая будзе выносіць канчатковае рашэньне ў кожнай справе.

Ужо распрацаваныя адпаведныя палажэньні аб дзейнасьці рэгіянальных і Нацыянальнай камісій. Цяпер цягам трох месяцаў кожная абласная адміністрацыя мае зацьвердзіць палажэньне аб сваёй камісіі і сфармаваць яе склад. Камісіі будуць складацца паводле квотнага прынцыпу: 7 з 11 яе чальцоў будуць дэлегаваныя дзяржаўнымі органамі і 4 будуць выбірацца шляхам лёсаваньня ад навуковых устаноў і грамадзкіх арганізацый.

«Мяркую, што камісіі ў поўным складзе змогуць пачаць працу ўжо пасьля Новага году. А далей усё будзе залежаць ад жаданьня сваякоў рэпрэсаваных — ці будуць яны актыўна зьвяртацца па іхную рэабілітацыю і ці змогуць падаць адпаведныя дакумэнты. Калі такіх дакумэнтаў з аб’ектыўных прычын ня будзе, то кожная камісія вымушана будзе зьвяртацца ў архіўныя ўстановы», — мяркуе Сяргей Рабенка.

Паводле яго, заканадаўства вызначае трохмесячны тэрмін для ўхваленьня рашэньня аб рэабілітацыі ад моманту рэгістрацыі адпаведнай заявы:

«Гэты тэрмін можа быць падоўжаны на адзін месяц, але ўвогуле сам працэс разгляду заявы ня можа быць расьцягнуты больш чым на чатыры месяцы».

Права на справядлівасьць

Новая хваля рэабілітацыі ахвяр рэпрэсій камуністычнага рэжыму 1917–1991 гадоў стала магчымай пасьля Рэвалюцыі годнасьці ў 2014 годзе. У траўні 2015 году парлямэнт Украіны ўхваліў дэкамунізацыйны пакет законаў, сярод якіх быў і закон аб доступе да архіваў рэпрэсіўных органаў савецкага рэжыму.

Сёлета ў траўні Вярхоўная Рада новым законам удасканаліла працэдуру рэабілітацыі, дакладна вызначыўшы віды рэпрэсій, якія ажыцьцяўляліся ў савецкія часы — дэпартацыя, асуджэньне несудовымі органамі і ўдзел у вызваленчай барацьбе за незалежнасьць Украіны.

Беларус Піліп Вашчанка (нарадзіўся ў Чарнігаўскай вобласьці) адсядзеў у лягеры 10 з прысуджаных яму 15 гадоў. Ад службы ў Чырвонай Арміі адмовіўся, але служыў ва ўкраінскай добраахвотніцкай роце падчас нямецкай акупацыі
Беларус Піліп Вашчанка (нарадзіўся ў Чарнігаўскай вобласьці) адсядзеў у лягеры 10 з прысуджаных яму 15 гадоў. Ад службы ў Чырвонай Арміі адмовіўся, але служыў ва ўкраінскай добраахвотніцкай роце падчас нямецкай акупацыі

Кіраўнік Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Ўладзімір Вятровіч перакананы, што новая хваля рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій мае і маральны, і палітычны сэнс.

«Гэта вельмі важна і для людзей, якія сталі ахвярамі, і для іхных сямей, а таксама для Ўкраіны як для дзяржавы, бо дагэтуль дзейнічаў савецкі закон, згодна зь якім такія грамадзяне лічыліся фармальна злачынцамі і ня мелі магчымасьці на рэабілітацыю.

Мяркую, што попыт будзе дастаткова вялікім, бо падчас працы над новым законам да нас зьвярталіся дзясяткі сотняў людзей па рэабілітацыю. І яны чакалі гэтага дзесяцігодзьдзі. Напэўна, можна казаць пра мільёны людзей, якія трапілі пад палітычныя рэпрэсіі», — заявіў Свабодзе Ўладзімір Вятровіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG