Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрытыя архівы: ва Ўкраіне захоўваюць справы амаль 2 тысяч рэпрэсаваных беларусаў


Адна са спраў, што захоўваюцца ў архівах СБУ

У Галіновым дзяржаўным архіве Службы бясьпекі Ўкраіны захоўваюцца справы 402 беларусаў, асуджаных на ўкраінскай тэрыторыі ў гады масавых палітычных рэпрэсій сталінскага рэжыму, і яшчэ 1387 спраў — у рэгіянальных аддзяленьнях спэцыяльнай службы.

У сьпісах — як беларусы, што ўдзельнічалі ў ваенізаваных фармаваньнях арміі Ўкраінскай народнай рэспублікі (1921 год) ды Ўкраінскай паўстанчай арміі у 30-40-я гады мінулага стагодзьдзя, гэтак і мірныя грамадзяне, якіх лёс закінуў на тэрыторыю Ўкраіны.

Цяпер з усімі гэтымі справамі можна азнаёміцца — ва Ўкраіне ў 2015 годзе набыў моц закон «Пра доступ да архіваў рэпрэсіўных органаў камуністычнага таталітарнага рэжыму 1917-1991 гадоў».

Беларусы арміі УНР

У арміі Ўкраінскай Народнай Рэспублікі беларусы пераважна служылі шарагоўцамі — усе яны ылі захопленыя ў палон пад украінскім горадам Базар на Жытоміршчыне. Праходзілі па найбольш масавай справе — «Банда Цюцюніка», у якой было 360 абвінавачаных. Усе яны былі падзеленыя на тры катэгорыі: «злосныя бандыты, яўныя ворагі працоўнага народу», «бандыты, якіх можна перавыхаваць, але са строгай ізаляцыяй ад магчымага іхнага ўплыву на агітацыю супраць савецкай улады» і «былыя чырвонаармейцы, якія выпадкова трапілі ў палон Пятлюры ды сілком завэрбаваныя ў ягоную армію».

Анкета арыштаванага Рыгора Спартака. Асуджаны на два гады
Анкета арыштаванага Рыгора Спартака. Асуджаны на два гады

Беларусы — Рыгор Спартак і Васіль Туміловіч — малі б праходзіць па трэцяй катэгорыі, але вайсковы трыбунал вырашыў інакш. Першаму, селяніну паводле паходжаньня, удалося пазьбегнуць расстрэлу — ён быў асуджаны на два гады грамадзка-прымусовых работ, а Васіль Туміловіч, напэўна праз мяшчанскае паходжаньне, — расстраляны.

Матэрыялы са справы Васіля Туміловіча
Матэрыялы са справы Васіля Туміловіча

«Бандыты былі спайманыя ў арміі праціўніка са зброяю ў руках. Беручы да ўвагі адсутнасьць якіх-небудзь зьвестак біяграфічнага характару абвінавачаных, сьледзтву даводзілася кіравацца ўражаньнямі, зробленымі ў часе допыту кожнага абвінавачанага асобна, прычым, у залежнасьці ад іх, падзяліць усіх бандытаў на тры групы», — адзначыў у сваім заключэньні ўпаўнаважаны НКУС.

Справа пра рэабілітацыю беларуса Міхася Ваткевіча, расстралянага на Жытоміршчыне
Справа пра рэабілітацыю беларуса Міхася Ваткевіча, расстралянага на Жытоміршчыне

Як вынікае з матэрыялаў справы, Рыгор Спартак ды Васіль Туміловіч з 1919 года служылі ў Чырвонай арміі, а пасьля палону перайшлі на белагвардзейскі бок. У гэтай справе пад Базарам былі расстраляныя яшчэ прынамсі 10 беларусаў. У 1995 годзе ўсе яны былі рэабілітаваныя, паколькі ў матэрыялах расьсьледаваньня 1921 году адсутнічалі доказы «контррэвалюцыйных злачынстваў ці ўдзелу ў забойствах, рабаваньнях ці іншых гвалтоўных дзеяньнях белагвардзейцаў».

Беларускія «бандэраўцы»

Адметна, што сьледчыя НКУС не абцяжарваліся дакладнасьцю фармулёвак у абвінавачаньнях. Для іх удзельнікі фармаваньняў УПА і Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў былі аднолькавымі «бандэраўцамі», хаця Сцяпан Бандэра быў ідэолягам толькі АУН. Прычым па-расейску гэта пісалі як «бендеровцы»

Справа пра барацьбу з бандытызмам, адным з фігурантаў якой быў беларус Аляксей Лабасенка
Справа пра барацьбу з бандытызмам, адным з фігурантаў якой быў беларус Аляксей Лабасенка

Найбуйнейшая справа беларускіх «бандэраўцаў» была адкрытая ў траўні 1944 году, калі пасьля баёў з партызанамі ў адным з раёнаў Хмяльніцкай вобласьці ў палон былі ўзятыя 29 удзельнікаў УПА-АЎН, у тым ліку і Аляксей Лабасенка — ураджэнец Магілёўскай вобласьці. Да другой сусьветнай вайны ён выкладаў нямецкую мову для ўкраінскіх дзяцей. Праўда, на допытах сьцьвярджаў, што да «бандэраўцаў» трапіў выпадкова — яго нібыта пераконвалі, што забіраюць у Чырвоную армію. На судзе ён прызнаў сваю віну ў тым, што здрадзіў «Радзіме і добраахвотна ў траўні 1943 году ўступіў у УПА».

Дакумэнты са справы Аляксея Лабасенкі, 1944 год
Дакумэнты са справы Аляксея Лабасенкі, 1944 год

Але нягледзячы на прызнаньне віны, ён быў расстраляны. У гэтай справе быў расстраляны яшчэ адзін ягоны паплечнік, усе іншыя атрымалі 5 або 10 гадоў лягераў з канфіскацыяй маёмасьці, і яшчэ адзін — апраўданы паводле адсутнасьці доказаў складу злачынства.

Адмова КДБ Украіны перагледзець справу ў дачыненьні да ўкраінца Андрэя Кандрацюка, затрыманага разам з Аляксеем Лабасенкам
Адмова КДБ Украіны перагледзець справу ў дачыненьні да ўкраінца Андрэя Кандрацюка, затрыманага разам з Аляксеем Лабасенкам

Два фігуранты гэтай справы ў 1954 і 1973 гадах спрабавалі дабіцца перагляду справы, але тагачасны КДБ Украіны адмовіў, паколькі палічыў даведзеным факт іхнага ўдзелу ва ўзброенай барацьбе супраць савецкай улады.

«Шпіёны, здраднікі і дывэрсанты»

У 30-50-я гады савецкія рэпрэсіўныя органы не спынялі сваёй працы па вышуку агентаў замежных выведак, контрарэвалюцыянэраў ды дывэрсантаў. Што праўда, ва Ўкраіне не было асобнай справы паводле нацыянальнай прыкметы ў дачыненьні да беларусаў.

Сярод беларусаў-антысаветчыкаў — шахцёры, студэнты, сьвятары, эканамісты, мэдыкі, мастакі, выкладчыкі, вайскоўцы і сяляне. Затрымліваліся яны па месцы жыхарства або працы па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны — Харкаўская, Данецкая, Мікалаеўская, Запароская, Палтаўская, Роўненская, Кіеўская, Днепрапятроўская, Крымская вобласьці. Значная колькасьць беларусаў шукала лепшага жыцьця на тэрыторыі Ўкраіны пасьля раскулачваньня або поўнага зьбядненьня на бацькаўшчыне. Пад перасьлед таксама траплялі рэпатрыянты зь Нямеччыны ці Польшчы. Напрыклад, Марыя Бычкова, ураджэнка Гомельскай вобласьці была арыштаваная яшчэ з пяцьцю асобамі ў праверачным фільтрацыйным лягеры і асуджаная паводле артыкулу «дзяржаўная здрада» (1946 год). Пакараньне адбывала ў калёніі Сумскай вобласьці.

Ва Ўкраіне захоўваюць справы амаль 2 тысяч рэпрэсаваных беларусаў
Ва Ўкраіне захоўваюць справы амаль 2 тысяч рэпрэсаваных беларусаў

Рэпатрыянт зь Нямеччыны, ураджэнец Віцебскай вобласьці Фёдар Асташкевіч адбываў пакараньне ў Хмяльніцкай вобласьці паводле абвінавачаньня ў бандытызьме (1942 год).

Журналіст львоўскай газэты «Вільна Україна», беларус Віталь Трыбухоўскі быў затрыманы ў Львове і асуджаны за сувязь з замежнай дзяржавай ды антысавецкую прапаганду (1947 год).

Фрагмэнт зь пераліку беларусаў, рэпрэсаваных ва Украіне
Фрагмэнт зь пераліку беларусаў, рэпрэсаваных ва Украіне

У 1938 годзе беларуса Канстанціна Браха, які працаваў у калгасе Палтаўскай вобласьці, затрымалі разам з 19 фігурантамі справы па абвінавачаньні ў арганізацыі контррэвалюцыйных злачынстваў ды антысавецкай прапагандзе і агітацыі. Адбываў пакараньне ў Палтаўскай вобласьці.

Чырвонаармеец Сямён Букініч (ураджэнец Касцюковіцкага раёну) у 1941 годзе затрыманы ў групе з 17 жаўнерамі за ўдзел у контррэвалюцыйнай арганізацыі і паводле абвінавачаньняў у здрадзе Бацькаўшчыне, арганізаванай вайскоўцамі. Асуджаны і адбываў пакараньне ў Луганскай вобласьці.

У 1922 годзе за незаконнае перасячэньне мяжы СССР, арганізаванае групай з 11 асоб, арыштаваны беларус Іван Аверка. Пакараньне адбываў у Хмяльніцкай вобласьці.

Усе гэтыя справы адкрытыя для вывучэньня, за выключэньнем толькі тых спраў, якія засталіся на тэрыторыі гэтак званых «ЛНР-ДНР».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG