Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Швэцыі пачынаюцца перамовы аб заканчэньні вайны ў Емэне


Ілюстрацыйнае фота. Прыхільнікі хусітаў дэманструюць адмову ад прапановы кааліцыі, якую ўзначальвае Саудаўская Арабія, выплаціць кампэнсацыю ахвярам авіяўдару ў Саадзе, Емэн 5 верасьня 2018 году
Ілюстрацыйнае фота. Прыхільнікі хусітаў дэманструюць адмову ад прапановы кааліцыі, якую ўзначальвае Саудаўская Арабія, выплаціць кампэнсацыю ахвярам авіяўдару ў Саадзе, Емэн 5 верасьня 2018 году

Папярэдняя спроба правядзеньня перамоваў у Жэнэве правалілася.

Кіраўніца швэдзкага МЗС пацьвердзіла ўвечары 4 сьнежня, што ў Стакгольм пачалі прыбываць удзельнікі перамоваў аб замірэньні ў Емэне. Чакаецца, што перамовы пачнуцца на гэтым тыдні, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Дэлегацыя хусітаў прыбыла ў Швэцыю разам са спэцпасланьнікам ААН, Швэцыі і Кувэйту для ўдзелу ў заплянаваных кансультацыях аб Емэне», — напісала ў сваім твітары міністарка Марго Вальстрэм. Яна дадала, што неўзабаве ў Стакгольм прыбудзе дэлегацыя ўраду Емэну, і выказала надзею на найхутчэйшы пачатак перамоваў.

Спэцпасланьнік ААН па Емэне Марцін Грыфітс стаў асноўным пасярэднікам у перамовах паміж паўстанцамі-хусітамі, якіх падтрымлівае Іран, і прыхільнікамі прэзыдэнта Емэну Абд-Рабу Мансура аль-Хадзі, на баку якога выступае Саудаўская Арабія.

Грыфітс пераканаў абодва бакі канфлікту пачаць перамовы, каб завяршыць вайну, якая ўжо прывяла да гібелі дзясяткаў тысяч жыхароў краіны. Эканоміка Емэну практычна зьнішчаная, мільёны людзей апынуліся на мяжы галоднай сьмерці.

Апошні раз Грыфітс спрабаваў ініцыяваць перамовы паміж хусітамі і ўладамі краіны ў Жэнэве ў верасьні гэтага году, аднак гэтая спроба правалілася. Прадстаўнікі хусітаў не прыляцелі на перамовы. Яшчэ адзін раўнд перамоваў прайшоў у Кувэйце ў 2016 годзе і таксама ні да чога не прывёў.

Месца правядзеньня перамоваў не раскрываецца. Паводле амбасадара Швэцыі ў ААН Карла Скаў, кансультацыі пройдуць непадалёк ад Стакгольму.

«Мы ня маем ніякіх ілюзіяў наконт гэтага працэсу, аднак вітаем такі неабходны і жыцьцёва важны першы крок. Мір, росквіт і бясьпека могуць узьнікнуць на даляглядзе, і ва ўдзельнікаў кансультацыяў ёсьць шанец адкрыць новую старонку ў гісторыі Емэну», — гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Дзярждэпартамэнту ЗША Гэзэр Наўэрт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG