На пасяджэньні гуманітарнай падгрупы Трохбаковай кантактнай групы ўзгаднілі перадачу Ўкраіне больш за 60 асуджаных, якія будуць адбываць пакараньне на ўкраінскай тэрыторыі.
Пра гэта паведаміла першы віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады, прадстаўнік Украіны ў гуманітарнай падгрупе Ірына Герашчанка.
«На гуманітарнай групе, пасьля шматмесячных дэбатаў, узгаднілі дату і месца перамяшчэньня асуджаных, не зьвязаных з канфліктам. Гэтыя людзі ўчынілі злачынства, але яны грамадзяне Ўкраіны, і маюць права адбываць пакараньне на тэрыторыі, кантраляванай украінскімі ўладамі», — адзначыла Герашчанка.
Яна дадала, што на сёньня каля 1000 асуджаных хочуць сядзець ва ўкраінскіх турмах.
«Цяпер дасягнутая дамоўленасьць аб пераезьдзе больш за 60 зь іх. Перамяшчэньне павінна адбыцца ў бліжэйшыя дні», — паведаміла віцэ-сьпікер.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com