Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп будуе новы сусьветны парадак, які будзе падтрымлівацца амэрыканскім лідэрствам і дэмакратыяй.
Пра гэта заявіў дыпляматам дзяржсакратар Майк Пампэа на мерапрыемстве ў Брусэлі ў аўторак. Пры гэтым ён усклаў віну за нестабільнасьць у сьвеце на Іран і Кітай.
«У найлепшых традыцыях нашай вялікай дэмакратыі мы аб’яднаем паважаныя краіны для пабудовы новага лібэральнага парадку, здольнага прадухіліць вайну і дамагчыся большага росквіту», — сказаў Пампэа ў сваім зьнешнепалітычным выступе.
«Пры прэзыдэнце Трампе мы не адмаўляемся ад міжнароднага лідэрства і ад нашых сяброў у міжнароднай сыстэме», — дадаў ён.
У сваім выступе Пампэа раскрытыкаваў Іран і Кітай, адкінуўшы здагадкі аб тым, што Вашынгтон дзейнічае ў аднабаковым парадку.
«Нават нашыя эўрапейскія сябры часам кажуць, што мы ня дзейнічаем у інтарэсах вольнага сьвету. Гэта проста ня так, — сказаў ён. — Мы дзейнічаем у мэтах захаваньня, абароны і прасоўваньня адкрытага, справядлівага, транспарэнтнага і вольнага сьвету сувэрэнных дзяржаў. Гэты праект запатрабуе рэальнага, а не няшчырага аднаўленьня лібэральнага парадку паміж дзяржавамі. Для гэтага патрэбна ўпэўненая ў сабе Амэрыка і лідэрства ня толькі маёй краіны, але і дэмакратый усяго сьвету».