Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Шклоўскім раёне распрацавалі турыстычны маршрут паводле біяграфіі Лукашэнкі


Купальле, Александрыя. 8 ліпеня 2018 году

Турыстам плянуюць паказаць музэй Аляксандра Лукашэнкі ў Александрыі Шклоўскага раёну, выставу ў Шклове, прысьвечаную Лукашэнку, школу, дзе ён сам вучыўся, школу, дзе вучыліся яго старэйшыя сыны, і Трафімаву крыніцу, названую ў гонар ягонага дзеда.

Біяграфія Аляксандра Лукашэнкі пакладзеная ў аснову турыстычнага маршруту, які цяпер распрацоўваецца ў Шклоўскім райвыканкаме. Пра гэта газэце «Звязда» распавяла Алеся Купцова, начальніца аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Шклоўскага райвыканкаму.

«Пачынацца наш маршрут будзе са Шклова — гісторыка-краязнаўчага музэю, дзе ёсьць выстава, прысьвечаная дзейнасьці першага прэзыдэнта. Потым наведваем шклоўскую школу № 1, дзе Аляксандар Рыгоравіч пэўны час узначальваў камсамольскую пярвічку і дзе пасьля вучыліся двое яго сыноў. Александрыя — радзіма прэзыдэнта, тут, адпаведна, самы запатрабаваны аб’ект — школа, дзе ён вучыўся. І —Трафімава крыніца, якая побач з аграгарадком», — распавяла Купцова.

Дом, дзе Лукашэнка жыў дзіцем, турыстам паказаць ня змогуць, бо ён не захаваўся. На гэтым месцы збудавалі іншы дом, закрыты для наведнікаў. Гэты дом можна пабачыць у кліпе Алены Ланской «Куточак Беларусі».

Таксама ў Беларусі плянуюць распрацаваць трохдзённы трансьмежны маршрут для турыстаў з Воршы ў Смаленск з наведваньнем музэю Лукашэнкі ў Александрыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG