Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-старшыню Гомельскага райвыканкаму судзяць за хабар і «падрыў аўтарытэту ўлады». Чым ён браў?


Аляксандар Сітніца
Аляксандар Сітніца

4 сьнежня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля пачаўся разгляд крымінальнай справы былога кіраўніка Гомельскага райвыканкаму Аляксандра Сітніцы, які абвінавачваецца ў хабарніцтве і перавышэньні ўлады. Яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

Справу разглядае судзьдзя Аляксандар Піскуноў. На тое, каб зачытаць усе эпізоды абвінавачаньня, пракурору Паўлу Цішкоўскаму спатрэбілася амаль тры гадзіны.

За што судзяць?

Асноўны склад абвінавачаньня ў тым, што Аляксандар Сітніца браў хабары ад прадстаўнікоў камэрцыйных структураў за лабіяваньне іх інтарэсаў. У прыватнасьці, за атрыманьне зямельнага ўчастку для будаўніцтва прадпрыемства, паскарэньне бюракратычных працэдур, «выбіваньне» з калгасаў аплаты за паслугі прыватных структур.

Пацярпелымі ў справе прызналі тры прадпрыемствы:

  • Гомельскі райжылкамгас;
  • Экспэрымэнтальную базу «Каранёўскую»;
  • КСУП «Урыцкае».

Як і чым браў?

Першы эпізод абвінавачваньня зьвязаны з рамонтам аўтамабіля. Аляксандар Сітніца прасіў знаёмага прадпрымальніка знайсьці чалавека для афармленьня на сябе «Міцубісі Паджэра». Прадпрымальнік ня толькі знаходзіць чалавека (работніка іх прадпрыемства), але і аплочвае дзяржаўную рэгістрацыю аўта і першы этап страхавога збору. «Міцубісі» патрабуе рамонту, запчастак, зімовых шын — гэтымі клопатамі старшыня райвынкаму абцяжарвае ці знаёмых прадпрымальнікаў, ці кіраўнікоў калгасаў.

Другі, трэці і наступныя эпізоды магчымай злачыннай дзейнасьці экс-чыноўніка зьвязаныя з рамонтамі ягонай уласнай кватэры, жытла цешчы, добраўпарадкаваньня лецішча жонкі і будаўніцтва там лазьні.

Паводле абвінавачаньня, кіраўнік камэрцыйнай структуры аплаціў за Сітніцу ў будаўнічай краме:

  • электрычны інструмэнт;
  • краны для сантэхнікі;
  • трубы, «калены»;
  • кафлю;
  • клей;
  • дрот;
  • арматуру;
  • 300 цаглін;
  • пясок;
  • фарбу;
  • унітаз.

Усё гэта было патрэбна для будаўніцтва лазьні на лецішчы і рамонту ў кватэрах.

Аляксандар Сітніца, архіўнае фота
Аляксандар Сітніца, архіўнае фота

Пракурор таксама расказаў, што кіраўнік раёну без аплаты браў у фірмовых крамах гаспадарак «Цяплічнае» і «Ўсход»:

  • сьвежыя агуркі;
  • памідоры;
  • квашаную капусту;
  • салёныя агуркі;
  • вэнджаную каўбасу);
  • бараніну для шашлыку.

Для сваіх патрэб на лецішчы Аляксандар Сітніца таксама ўзяў у гаспадарцы рулён саломы, а таксама скарыстаўся дзяржаўнай тэхнікай, каб прывезьці салому на дачу.

Калгасы, дзе Сітніца браў прадукты, панесьлі шкоду ад 40 да 60 рублёў. Да суду Сітніца вярнуў прадпрыемствам гэтыя сродкі.

Прадукты былі патрэбны ня толькі для самога чыноўніка, ягонай жонкі і дзяцей. Неяк Сітніца ладзіў прыём, запрасіў сяброў. Пры гэтым скарыстаўся (без аплаты) паслугамі комплексу для адпачынку, які належыць Гомельскаму райжылкамгасу. «Каб сфармаваць вобраз добразычлівага і гасьціннага кіраўніка, павысіць свой аўтарытэт», — зачытаў радкі з абвінавачаньня пракурор.

Віну прызнаў

Такія дзеяньні, паводле пракурора, прывялі да «падрыву аўтарытэту ўлады, дыскрэдытацыі дзяржаўных інстытутаў, фармаваньня ў грамадзян недаверу да ўлады».

Віну былы кіраўнік прызнаў цалкам. Заўтра ў судзе пачнецца ягоны допыт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG