Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дружба народаў за калючым дротам. Як жыве сяло, падзеленае расейска-ўкраінскай мяжой. ВІДЭА


Сяло Чарткова знаходзіцца ў Расеі, Мелавое — ва Ўкраіне. Да распаду СССР гэта быў адзін населены пункт. І нават пасьля атрыманьня Ўкраінай незалежнасьці ўсё заставалася па-ранейшаму, пакуль расейскія памежнікі не пабудавалі агароджу і не разьдзялілі людзей кантрольна-прапускнымі пунктамі.

Валянціна Болдырава выходзіць з хаты, каб павітацца са сваёй 76-гадовай сястрой, якая жыве на другім баку вуліцы Дружбы народаў. Маюць зносіны яны праз плот з калючым дротам, які праходзіць уздоўж вуліцы.

«Днём і ноччу нашы вокны глядзяць на дрот, як на турму. Хоць мяжа павінна за 10 кілямэтраў быць. Вось сястра выходзіць. Як мы зь ёй будзем кантактаваць?» — абураецца Болдырава.

Гэтую агароджу з калючага дроту пабудавалі восеньню расейскія памежнікі. Цяпер яна аддзяляе два населеныя пункты: Мелавое — ва Ўкраіне, а Чарткова — у Растоўскай вобласьці Расеі. Злая іронія: плот узьвялі проста пасярэдзіне вуліцы Дружбы народаў. Валянціна Болдырава засталася ў Мелавым, яе родная сястра Раіса Якаўлева — у Чарткове. Яны пасьпяваюць перамовіцца двума словамі — але толькі да таго часу, пакуль не зьяўляецца ўкраінскі патруль.

«Нават размаўляць не дазваляюць!» — кажа Раіса Якаўлева.

Да распаду Савецкага Саюзу гэта быў адзін пасёлак, потым мяжа прайшла проста пасярэдзіне, пятляючы ледзь ня між дварамі.

Яшчэ ўлетку людзі проста пераходзілі праз вуліцу і хадзілі ў госьці да сваякоў, вадзілі ў Чарткова дзяцей у школы праз тры пункты пропуску. Цяпер сем’і разьдзеленыя агароджай, а ў чарзе на КПП трэба стаяць гадзінамі.

Улетку карэспандэнт праекту «Донбасс.Реалии» здымаў будаўніцтва гэтага плота. Цяпер яго скончылі.

Анатоль Піліпей да пункту пропуску прыяжджае пастаянна — па той бок мяжы ў яго ўнук і дочкі.

«То там працавалі, у Чарткове, з Чарткова працавалі ў Мелавым. Так мы жылі. Расейцы паўдарогі акалючылі. Мы казюлькі маленькія», — кажа ён.

Шмат хто цяпер ня толькі разлучаны зь сем’ямі, але і застаўся бяз працы. І людзі зьяжджаюць адсюль: нават пасьля анэксіі Крыму ў 2014 годзе і ўзброенага канфлікту на Данбасе «Дружба народаў» працягвалася. Цяпер, як кажуць мясцовыя жыхары, плот на гэтай вуліцы ператварыў абодва пасёлкі ў турму. І людзі ня хочуць жыць за калючым дротам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG