Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макрон не ідзе на саступкі, але даручае прэм'ер-міністру пагаварыць з апанэнтамі


«Жоўтыя камізэлкі» падпалілі некалькі аўтамабіляў падчас пратэсту ў Парыжы 1 сьнежня
«Жоўтыя камізэлкі» падпалілі некалькі аўтамабіляў падчас пратэсту ў Парыжы 1 сьнежня

Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон даручыў прэм’ер-міністру Эдуарду Філіпу сустрэцца зь лідэрамі палітычных партый і дэманстрантамі.

Пра гэта паведамляе Reuters.

2 сьнежня кіраўнік францускай дзяржавы адмовіўся ісьці на неадкладныя саступкі пратэстоўцам. Адначасова ён заявіў, што ўлады не абмяркоўвалі ідэі ўвядзеньня надзвычайнага становішча. Пра тое, што кіраўніцтва краіны ўсё ж разглядае такі сцэнар, паведамлялася напярэдадні.

Паводле інфармацыі Reuters, пасьля вяртаньня з саміту G20 у Аргентыне францускі лідэр адправіўся да Трыюмфальнай аркі. Там яго сустрэлі мітынгоўцы, якія скандавалі «Макрон ў адстаўку» і «жоўтыя камізэлькі перамогуць».

У адміністрацыі Макрона сказалі, што прэзыдэнт адкрыты для дыялёгу, аднак не пачне мяняць курс і згортваць палітычныя рэформы.

Ад 17 лістапада па ўсёй краіне праходзяць акцыі пратэсту — гэтак званыя акцыі «жоўтых камізэлек» — з патрабаваньнем адмовіцца ад павышэньня коштаў на аўтамабільнае паліва і ад павелічэньня падаткаў. На выходных у пратэстах ўдзельнічалі, паводле зьвестак уладаў, 75 тысяч чалавек. У Парыжы сотні маніфэстантаў занялі вуліцы ў гістарычным цэнтры францускай сталіцы. Былі падпаленыя некалькі аўтамабіляў. Дэманстранты спрабавалі будаваць барыкады. Групы мужчын у масках грамілі вітрыны крамаў. У бок ахоўнікаў парадку ляцелі банкі з жоўтай фарбай. 2 сьнежня ўлады вымушаныя былі зачыніць Трыюмфальную арку праз пашкоджаньні, якія манумэнт атрымаў падчас беспарадкаў. Да цяперашняга моманту затрыманыя больш за 400 чалавек. У ходзе сутыкненьняў пацярпелі 133 пратэстоўцы і ня менш за 20 паліцыянтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG