Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка абурыўся, што лён для Аршанскага камбінату закупляюць у Францыі


Сьвята лёну
Сьвята лёну

На нарадзе ў Воршы, прысьвечанай разьвіцьцю льнаводзтва, выявілася, што ня ўсюды ў краіне ўдаецца апрацоўваць лён паводле існуючых тэхналёгій.

Як паведамляе БелТА, дырэктар РУП «Інстытут ільну» Іван Голуб у часе нарады адзначыў: нягледзячы на рэкамэндацыі навукоўцаў, ня ўсюды ў краіне атрымліваецца апрацоўваць лён паводле адпаведных тэхналёгій.

Тады Аляксандар Лукашэнка адрасаваў пытаньне намесьніку прэм’ер-міністра Міхаілу Русаму, які адказвае за сельскую гаспадарку, чаму склалася такая сытуацыя?

«Гэта недагляд. Дацісьнем да кожнага гектара», — апраўдваўся віцэ-прэм’ер.

Лукашэнка раскрытыкаваў кіраўніцтва АПК і абласныя ўлады за недастатковыя аб'ёмы льняной сыравіны беларускай вытворчасьці і яе якасьць. У разьвіцьцё Аршанскага льнокамбінату з 2007 году ўкладзена 212 мільёнаў даляраў. Дагэтуль на ім застаюцца незагружанымі каля траціны магутнасьцяў, а частку льновалакна для перапрацоўкі закупляюць за мяжой, у тым ліку ў Францыі, дзе якасьць вырошчваньня лёну больш высокая.

Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што рашэньне аб мадэрнізацыі Аршанскага льнакамбінату было правільным, але яго рэалізацыя павінна быць больш эфэктыўнай.

«Здавалася б, чаго ў мяне такі паганы настрой? Бо мы абыякава ставімся да гэтага. Галоўнае маё ўражаньне сёньня — агідныя мы людзі. Любіць трэба сваю краіну, і гэта павінна праяўляцца не ў балбатні, а ў справах», — падсумаваў ён.

Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што калі налета кіраўніцтва АПК і Нацыянальнай акадэміі навук не забясьпечаць выкананьне тэхналёгій вырошчваньня лёну, то няхай чакаюць самых жорсткіх захадаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG