29 лістапада суд Кастрычніцкага раёну Менска пакараў бацьку і сына Яблонскіх, заснавальнікаў і кіраўнікоў фірмы «Белаўтакантынэнт», якая была дылерам Suzuki. За махлярства і авалоданьне маёмасьцю яны засуджаныя да на 8 і 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе Tut.by.
Паводле рашэньня суда, абодва яны павінны будуць выплаціць пацярпелым грошы за матэрыяльны ўрон.
Аляксандар і Дзяніс Яблонскія зь лістапада 2014 па люты 2016 году заключылі 59 дамоваў з фірмамі і прыватнымі асобамі на пастаўку аўтамабіляў Suzuki. Кліенты рабілі перадаплату ад 10 да 100%, аднак машыны не атрымалі. Акрамя таго, 19 пацярпелых пазычылі абвінавачаным грошы для разьвіцьця бізнэсу.
Усяго па справе праходзілі 78 пацярпелых. Паводле сьледзтва, дзеяньні абвінавачаных пацягнулі за сабой прычыненьне матэрыяльнага ўрону на суму больш за 2,6 мільёна рублёў.
Суд Кастрычніцкага раёну Менску асудзіў Аляксандра Яблонскага да 8 гадоў пазбаўленьня волі, прызнаўчы яго вінаватым паводле ч.4 арт. 209 Крымінальнага кодэксу Беларусі (Махлярства, зьдзейсьненае групай асобаў, у асабліва буйным памеры).
Дзяніс Яблонскі асуджаны да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Яго суд прызнаў вінаватым па ч. 4 арт. 209 і ч. 4 арт. 210 (Авалодваньне маёмасьцю, здзейсьненае службовай асобай з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў, паўторна, у асабліва буйным памеры).
Бацька і сын будуць адбываць пакараньне ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, таксама ў іх будзе канфіскавана маёмасьць.
Пацярпелыя былі ўражаныя пазыцыяй абароны абвінавачаных: адвакаты прасілі апраўдаць іх.
«А чаму апраўдаць? Абгрунтаваных довадаў мы так і не пачулі, упор быў на тое, што бізнэс — гэта рызыка. А Дзяніса трэба пашкадаваць, таму што ў яго двое маленькіх дзяцей», — сказаў адзін з пацярпелых.