Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палякі выкупяць беларускую сетку дзіцячых крамаў «Бусьлік» 


Тавары для дзяцей, ілюстрацыйнае фота
Тавары для дзяцей, ілюстрацыйнае фота

Польская кампанія CDRL зьбіраецца набыць 90% доляў беларускай «Гандлёва-прамысловай групы Вэст Ост Юніён», якая валодае сеткай крамаў для дзяцей «Бусьлiк». Пра гэта гаворыцца на сайце Варшаўскай фондавай біржы.

CDRL падчас перамоваў з прадаўцамі — Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця і чатырма фізычнымі асобамі — узгадніў умовы набыцця 90% доляў West Ost Union, паведамляе Tut.by. Агульны кошт зьдзелкі ацэньваецца ў 6,39 млн даляраў. Сума будзе выплачана на падставе дамовы куплі-продажу пасьля атрыманьня дазволу Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі.

CDRL плянуе фінансаваць зьдзелку з уласных сродкаў або з выкарыстаньнем зьнешніх крыніц, у тым ліку выпуску аблігацый на 40 млн злотых.

Уладальнікам 10% долі зьяўляецца заснавальнік і гендырэктар West Ost Union Сяргей Місячэнка, які працягне кіраваць кампаніяй. У камэнтары для Tut.by ён выказаў спадзяваньне, што брэнд «Бусьлiк» захаваецца.

CDRL заснавана ў 1990-х і займаецца дызайнам, вытворчасьцю і дыстрыбуцыяй дзіцячага адзеньня і абутку. Кампанія валодае брэндам Coccodrillo, аднайменная сетка налічвае больш за 300 крамаў рознага фармату ў Польшчы ды іншых краінах.

«Бусьлік» мае 46 крамаў, 17 зь іх у Менску. Долю гэтых супэрмаркетаў з асартымэнтам тавараў для дзяцей на беларускім рынку Сяргей Місячэнка ацаніў у 10-15%. Гадавая выручка складае больш за 65 млн даляраў.

У 2009 годзе беларускі рытэйлер прыцягнуў партнэра ў асобе Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, які выкупіў за 3 млн даляраў 25,5% долі «Вэст Ост Юніён». Стратэгічнага інвэстара для «Бусьлiка» шукалі некалькі гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG