Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз асудзіў выкананьне ў Беларусі чарговых сьмяротных прысудаў


Суд над «чорнымі рыэлтарамі» ў Магілёве, ліпень 2017
Суд над «чорнымі рыэлтарамі» ў Магілёве, ліпень 2017

Эўразьвяз «рашуча і бескампрамісна» выступае супраць сьмяротнага пакараньня пры любых абставінах, заявіла прэс-сакратарка Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Мая Качыянчыч, піша БелаПАН.

Што адбылося?

Цягам 27–28 лістапада праваабаронцы паведамілі пра выкананьне сьмяротных прысудаў, вынесеных двум асуджаным па справе магілёўскіх «чорных рыэлтараў» — Сямёну Беражному і Ігару Гершанкову.

Што сказаў Эўразьвяз?

«Сьмяротнае пакараньне парушае неад’емнае права на жыцьцё, замацаванае ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, яно жорсткае, бесчалавечнае, зьневажае годнасьць. Ужываньне сьмяротнага пакараньня супярэчыць заяўленай Беларусьсю гатоўнасьці ўзаемадзейнічаць па гэтым пытаньні зь міжнароднай супольнасьцю, у тым ліку з Эўрапейскім Зьвязам».

Новае выкананьне сьмяротных прысудаў у Беларусі раней асудзілі праваабарончая арганізацыя Amnesty International і афіцыйны прадстаўнік генэральнага сакратара Рады Эўропы Даніэль Гольтген.

За што асудзілі «чорных рыэлтараў»?

Паводле сьледзтва, чацьвёра «чорных рыэлтараў» з Магілёва цягам шасьці гадоў пераконвалі ўласьнікаў кватэр прадаваць сваё жытло, а пасьля забівалі іх. На вясковых могілках было адшукана шэсьць пахаваньняў і тры яміны, падрыхтаваныя для будучых ахвяраў. Імі станавіліся людзі, якія злоўжывалі алькаголем і мелі цяжкае матэрыяльнае становішча.

Магілёўскі абласны суд 21 ліпеня 2017 году асудзіў Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога на сьмяротнае пакараньне, прызнаўшы іх вінаватымі:

  • у забойстве 6 чалавек;
  • у падрыхтоўцы забойства яшчэ траіх;
  • у шэрагу іншых злачынстваў (махлярства, вымаганьне, разбой, захоўваньне наркатычных рэчываў).

Фігурантамі гэтак званай справы «чорных рыэлтараў» былі таксама:

  • жонка Гершанкова Тацяна — яе асудзілі на 24 гады калёніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці;
  • жыхар Магілёва Барыс Калесьнікаў — атрымаў 22 гады.

Усе чацьвёра абскарджвалі вырак у Вярхоўным судзе, але той пакінуў яго ў сіле.

Сёлета Камітэт правоў чалавека ААН зарэгістраваў індывідуальныя звароты Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога і накіраваў Беларусі запыт аб прыняцьці часовых мераў да вынясеньня Камітэтам канчатковага рашэньня. Праваабаронцы спадзяваліся, што ўлады Беларусі прыпыняць выкананьне сьмяротнага пакараньня да разгляду звароту.

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў.
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG