Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брыжыт Бардо напісала адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку


Брыжыт Бардо
Брыжыт Бардо

Француская актрыса Брыжыт Бардо апублікавала на сайце свайго фонду адкрыты ліст, адрасаваны Аляксандру Лукашэнку. Копію ліста яна таксама даслала ў Адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі. У дакумэнце гаворыцца аб жорсткім абыходжаньні з жывёламі і аб патрэбе прыняць закон, накіраваны на гуманнае абыходжаньне зь бяздомнымі жывёламі.

У лісьце Бардо піша:

«Жывёлы, асабліва вулічныя, пакутуюць і паміраюць у Беларусі такім жорсткім чынам, што раздаецца ўсё больш і больш абураных галасоў і дасылаецца зваротаў ў мой фонд. Жывёл ловяць, вабячы атручанымі прынадамі, страляюць у іх са стрэльбаў, часам у прысутнасьці дзяцей, няшчадна паддаюць ірацыянальнаму і бесчалавечнаму дыктату скарумпаваных урадоўцаў і службаў. Вобраз вашай краіны моцна пагоршыўся, і толькі радыкальная і неадкладная зьмена зможа выправіць гэта».

Брыжыт Бардо просіць беларускага кіраўніка, каб грошы, выдаткаваныя на вынішчэньне бяздомных жывёл, накіравалі на іх стэрылізацыю і прытулкі: «Я гатовая накіраваць у Менск прадстаўніка фонду, які дапаможа ўбачыць і вырашыць без пакутаў праблему залішняга росту сабачай і кашэчай папуляцыі. Я захоплена вашымі традыцыямі і фальклорам! Будзьце мужным, не расчаруйце мяне!»

Брыжыт Бардо — адна з самых знакамітых францускіх акторак. Яна абвясьціла аб заканчэньні акторскай кар’еры ў 1973 годзе і з тых часоў займаецца грамадзкай дзейнасьцю. Яе фонд па ахове жывёл быў заснаваны ў 1987 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG