Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дональд Трамп ухваліў ужываньне сьлезацечнага газу супраць мігрантаў на мяжы з Мэксыкай

Амэрыканскія вайскоўцы і памежная ахова каля прапускнога пункту. 25 лістапада, Сан-Дыега
Амэрыканскія вайскоўцы і памежная ахова каля прапускнога пункту. 25 лістапада, Сан-Дыега

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп рашуча выступіў у абарону стасаваньня сьлезацечнага газу для разгону мігрантаў на мяжы з Мэксыкай. Агенцтва Associated Press, якое паведаміла пра гэта, адзначыла, што сярод мігрантаў былі і разьюшаныя асобы, што кідалі камяні ў памежнікаў, але былі і стомленыя ад дарожных нягод людзі з заплаканымі дзецьмі.

Крытыкі і праціўнікі жорсткіх захадаў заяўляюць, што дзеяньні амэрыканскага боку перавышаюць разумна дапушчальныя. Прэзыдэнт заявіў у сувязі з сутыкненьнямі ў мінулы панядзелак, што амэрыканскія вайскоўцы былі вымушаныя ўжыць сьлезацечны газ, бо зазналі грубы ціск з боку мігрантаў. Ён назваў гэта крайняй рысай і падкрэсьліў: «Ніхто ня можа перасекчы мяжу, акрамя тых, хто прыбывае ў нашу краіну на законных падставах».

У панядзелак увечары на пасяджэньні за круглым сталом у горадзе Місісіпі Трамп прызнаў, што ў выніку сутычак пацярпелі дзеці. Аднак ён задаў пытаньне сваім апанэнтам: «Чаму бацькі бяруць з сабой дзяцей, накіроўваючыся ў зону, дзе, як яны ведаюць, прымяняецца сьлезацечны газ?» Трамп запэўніў, што падчас памежнай апэрацыі ўжываўся газ слабой канцэнтрацыі, які, паводле яго, не ўяўляў пагрозы і «быў вельмі бясьпечны».

Прэзыдэнт ЗША бяздоказна, як сьцьвярджаецца ў публікацыі агенцтва Associated Pres, заявіў, што некаторыя жанчыны зь дзецьмі зусім не былі бацькамі, а хутчэй за ўсё выкралі нейчых дзяцей, каб палегчыць сабе атрыманьне права на прытулак у ЗША.

Найбольш значныя памежныя сутычкі адбыліся ля разьдзяляльнага муру ў гарадзкой аглямэрацыі Сан-Дыега — Тыхуана. Менавіта ў гэтым месцы сабралася асноўная маса ўдзельнікаў шматтысячнага каравану мігрантаў, які рухаўся доўгі час праз мэксыканскую тэрыторыю да мяжы ЗША. Трамп заяўляе, што гэтыя людзі ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы ЗША, але яго апанэнты кажуць, што ён перабольшвае пагрозу, каб пасеяць страх дзеля дасягненьня сваіх палітычных мэтаў.

XS
SM
MD
LG