Расея не прызнае рашэньня Міжнароднага арбітражнага суду пры Гандлёвай палаце ў Парыжы аб спагнаньні зь яе 1 мільярда 300 мільёнаў даляраў на карысьць украінскага дзяржаўнага «Ощадбанка» за страты ў сувязі з анэксіяй Крыму.
Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на Міністэрства юстыцыі Расеі. У ведамстве сьцьвярджаюць, што арбітраж ня мае юрысдыкцыі для разгляду падобных пазоваў. У Мінюсьце паабяцалі, што будуць зробленыя «ўсе неабходныя захады», каб абараніць інтарэсы Расеі.
Напярэдадні найбуйнейшы ўкраінскі дзяржаўны банк паведаміў, што выйграў пазоў супраць Расеі аб спагнаньні 1,3 млрд даляраў. У такую суму быў ацэнены ўрон з прычыны страты актываў у анэксаваным Крыме. Цяпер банк мае намер дамагацца выкананьня рашэньня ва ўсіх юрысдыкцыях. Расея можа аспрэчыць гэтае рашэньне ў францускім судзе.
«Ощадбанк» — найбуйнейшы дзяржаўны банк ва Ўкраіне, яго ў пачатку 1990-х гадоў стварылі на базе актываў Ашчадбанку СССР. У 2014 годзе крэдытная арганізацыя дала справаздачу пра чыстыя страты ў 8,5 мільярда грыўняў (у той час — каля 700 мільёнаў даляраў). Банк заяўляў, што асноўная прычына стратаў — анэксія Крыму.
Міжнародны арбітраж займаецца вырашэньнем міжнародных камэрцыйных спрэчак. У яго склад уваходзяць больш за 100 судзьдзяў з амаль 90 краінаў.