Пры затрыманых міліцыянты знайшлі зброю і наркотыкі.
У Менскім раёне міліцыянты пры падтрымцы спэцатраду хуткага рэагаваньня затрымалі Рашада Мамэда-аглы Ісмаілава. У крымінальным асяродку ён мае статус «злодзея ў законе» і мянушку Рашад Гянджынскі, паведамляе сайт МУС.
Разам зь ім затрымалі чатырох чалавек, пры іх знайшлі пісталет Макарава, пісталет ТТ і 14 баявых патронаў. Апроч зброі, у фігурантаў знайшлі гашыш. Затрыманыя спыніліся пад Менскам у арандаваным доме.
Паводле міліцыі, Рашад Гянджынскі кантралюе азэрбайджанскую дыяспару ва Ўкраіне.
Рашад Мамэд-аглы Ісмаілаў і затрыманыя разам зь ім неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці на тэрыторыі Расеі і Ўкраіны.
Яны зьяўляліся фігурантамі крымінальных спраў па фактах учыненьня карысьліва-гвалтоўных злачынстваў у дачыненьні бізнэсмэнаў — выхадцаў з Азэрбайджану, якія валодаюць гандлёвымі цэнтрамі і аптовымі рынкамі ў розных рэгіёнах Расеі і Ўкраіны.
Сьледчы камітэт Беларусі завёў справу за незаконнае абарачэньне зброі і наркотыкаў.