Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За «прасоўваньне гендэрнай роўнасьці». Адзіная ў Беларусі жанчына-амбасадар атрымала ўзнагароду АБСЭ


Генэральны сакратар АБСЭ Томас Грэмінгер і Алена Купчына з узнагародай
Генэральны сакратар АБСЭ Томас Грэмінгер і Алена Купчына з узнагародай

Амбасадарка Беларусі ў Аўстрыі і сталая прадстаўніца пры АБСЭ Алена Купчына стала першым беларускім дыпляматам, хто атрымаў узнагароду АБСЭ «Белая стужка» за «выбітны ўнёсак у прасоўваньне гендэрнай роўнасьці і супрацьдзеяньне гвалту ў дачыненьні да жанчын», паведамляе афіцыйны сайт МЗС Беларусі.

«Белую стужку» Алене Купчыной уручыў на адмысловай цырымоніі генэральны сакратар АБСЭ Томас Грэмінгер. Ён адзначыў яе ўнёсак «у акцэнтаваньне ў рамках АБСЭ тэмы барацьбы з гвалтам у адносінах да жанчын», у прыватнасьці яе актыўны ўдзел у пастаноўцы на пляцоўцы АБСЭ 26 чэрвеня 2018 году дакумэнтальнай п’есы «Сем».

Беларуская дыпляматка таксама выступіла мадэратарам адмысловай нефармальнай працоўнай сэсіі АБСЭ 16 лістапада 2018 году дзеля падрыхтоўкі дакумэнтаў па тэме барацьбы з гвалтам у адносінах да жанчын да саміту Рады Міністраў замежных спраў краін АБСЭ ў Міляне.

Узнагарода «Белая стужка» АБСЭ заснаваная ў 2013 годзе. Яна ўручаецца за выбітны ўнёсак у прасоўваньне пытаньняў гендэрнай роўнасьці і супрацьдзеяньня гвалту ў адносінах да жанчын і дзяўчат. Кандыдатуры ўзнагароджаных вызначаюцца штогод праз адмысловую працэдуру адбору. Права на вылучэньне маюць дзяржавы-ўдзельніцы АБСЭ і сакратарыят АБСЭ.

Сёньня Беларусь мае ў замежжы 50 амбасадаў. І толькі адной — у Вене — кіруе дыплямат-жанчына.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG