Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве судзяць маладзёна за распальваньне нацыянальнай і расавай варожасьці


Магілёўскі абласны суд
Магілёўскі абласны суд

Магілёўскі абласны суд 22 лістапада пачаў разглядаць крымінальную справу, аднаму зь фігурантаў якой інкрымінуецца распальваньне нацыянальнай і расавай варожасьці, а таксама злоснае хуліганства. Ён разам з падзельнікам зьбіў чалавека.

На лаве падсудных —​ 21-гадовы магілёвец

Абвінавачаньне ў наўмысных дзеяньнях, скіраваных на ўзбуджэньне расавай, нацыянальнай варожасьці (1-я частка 130-га артыкулу Крымінальнага кодэксу) выстаўленае 21-гадоваму магілёўцу Арцёму Казлову. Хлопец разьмясьціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» відэаролік, які, паводле сьледзтва, «зьмяшчае прапаганду і заклікі да гвалтоўных дзеяньняў супраць асобаў, якія вылучаюцца прыкметамі расавай, нацыянальнай прыналежнасьці».

Паводле дзяржаўнага абвінавачваньня, Казлоў, ведаючы зьмест відэароліка, захоўваў яго ў адкрытым доступе з мэтаю «ўзбуджэньня ў насельніцтва нацыянальнай варожасьці, у тым ліку зьнявагі расавага, нацыянальнага гонару і годнасьці».

На судовым пасяджэньні назву відэароліка агучыў супрацоўнік абласной пракуратуры Андрэй Кавалёў. Адшукаць гэтае відэа ў інтэрнэце было нескладана. Запісана яно ў Расеі. На ім зьнятыя сцэны жорсткага зьбіцьця групамі маладзёнаў у балаклавах людзей «неславянскага выгляду», а таксама бадзяг. Зьбіваньне суправаджаецца песьняй, якая ўхваляе такія дзеяньні і цьвердзіць, што гэта робіцца «дзеля будучыні і белых дзяцей».

Відэаролік Казлоў разьмясьціў не пазьней як 25 лістапада 2013 году. На ягонай старонцы ролік захоўваўся, пакуль 15 студзеня 2015 году яго ня выявілі супрацоўнікі міліцыі.

Віны ва ўчыненьні злачынства паводле 1-й часткі 130-га артыкулу Крымінальнага кодэксу Арцём Казлоў не прызнаў. Суду сваю пазыцыю ён выкладзе пазьней. Ад 26 сакавіка Казлоў у сьледчым ізалятары. На судовым пасяджэньні — у клетцы.

Удвох білі п’янага наведніка бара

Акрамя абвінавачаньня ў распальваньні расавай і нацыянальнай варожасьці, Казлову інкрымінаванае злоснае хуліганства (2-я частка 339-га артыкулу Крымінальнага кодэксу). Ён і 20-гадовы Павал Сярогаў у стане алькагольнага ап’яненьня ў ноч з 22 на 23 сакавіка пабілі наведніка аднаго з магілёўскіх бараў, нанесьлі цялесныя пашкоджаньні з катэгорыі лёгкіх — зламалі нос. Пацярпелы тры дні прабыў у бальніцы.

Казлоў і Сярогаў сваю віну ў зьбіцьці прызналі цалкам. У адрозьненьне ад Казлова, Сярогаў пазьбег арышту.

Пацярпелы прасіў суд спыніць крымінальны перасьлед сваіх крыўдзіцеляў. Сваю пазыцыю аргумэнтаваў тым, што ім дараваў і што сам быў п’яны. Кампэнсацыі за нанесеную шкоду патрабаваць не зьбіраецца. Суд не задаволіў хадайніцтва пацярпелага.

Абодва фігуранты справы раней былі судзімыя за хуліганства. Абодва стаяць на наркалягічным уліку. Казлоў езьдзіў на заробкі ў Маскву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG