Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь атрымае з Эўразьвязу 160 мільёнаў эўра на ачыстку пітной вады і малы бізнэс 


Аляксандар Лукашэнка і Аляксандар Стуб, фота прэсавай службы прэзыдэнта
Аляксандар Лукашэнка і Аляксандар Стуб, фота прэсавай службы прэзыдэнта

Аляксандар Лукашэнка назваў «гістарычным» новы этап супрацы з Эўрапейскім інвэстыцыйным банкам. Заява прагучала падчас сустрэчы з віцэ-прэзыдэнтам гэтай установы Аляксандрам Стубам.

«Мы пераадолелі нямала бар’ераў, нямала было неразуменьня з абодвух бакоў. Але сёньня і Эўропа, і ўвесь заходні сьвет пераканаліся ў тым, што з Беларусьсю можна мець справу, што Беларусь — гэта надзейны партнэр», — цытуе Лукашэнку ягоная прэсавая служба.

20 лістапада Эўрапейскі інвэстыцыйны банк падпісаў крэдытныя пагадненьні для Беларусі больш чым на 160 мільёнаў эўра.

Як распавёў Аляксандар Стуб у інтэрвію тэлеканаду СТВ, першы напрамак супрацы — буйны праект з «Менскводаканалам» на рэканструкцыю Менскай ачышчальнай станцыі, які падвысіць якасьць жыцьця для 2 мільёнаў чалавек. Другі — падтрымка малых і сярэдніх прадпрыемстваў праз «Беларусбанк» і «Белаграпрамбанк». Гэта дапаможа стварыць больш за 2,5 тысяч працоўных месцаў, сказаў Стуб.

Гэтаксама плянуецца завершыць падрыхтоўку сумеснага праекту, які прадугледжвае рэканструкцыю аўтадарогі М7 Менск — Ашмяны — Каменны Лог і мадэрнізацыю інфраструктуры ў пункце пропуску «Каменны Лог».

Як піша БелаПАН, Беларусь атрымала доступ да рэсурсаў Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку пасьля адмены санкцый Эўразьвязу. Гэта апошні ключавы фінансавы інстытут, які ня быў прадстаўлены ў Беларусі.

Рамачнае пагадненьне было ратыфікаванае ў чэрвені 2017 году. Яно прадугледжвае, што банк можа прадастаўляць фінансаваньне ў выглядзе крэдытаў, гарантый або іншых фінансавых інструмэнтаў, а таксама тэхнічную дапамогу пад інвэстыцыйныя праекты, якія ўяўляюць інтарэс для Беларусі.

Праекты міжнародных дамоваў аб прыцягненьні пазыкаў Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку і Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця замацаваныя прэзыдэнцкім указам № 453 ад 20 лістапада.

Згодна з дакумэнтам, плянуецца прыцягнуць у 2018-2025 гадах пазыку Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця на 84 мільёны эўра тэрмінам на 18 гадоў і пазыку Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку на такую ж суму тэрмінам на 31 год.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG