Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр літоўскі рэжысэр Эймунтас Някрошус


Эймунтас Някрошус

У Вільні памёр тэатральны рэжысэр Эймунтас Някрошус. Пра гэта паведаміў у «Фэйсбуку» ягоны блізкі сваяк Арвідас Някрошус. Яму было 65 гадоў.

Delfi піша, што рэжысэр вярнуўся з паездкі і адчуў недамаганьне. Яго павезьлі ў бальніцу, дзе ён памёр.

Эймунтас Някрошус нарадзіўся 21 лістапада 1952 году ў вёсцы Пажобрыс у Каўнаскім павеце Літвы. У 1978 годзе скончыў Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва, рэжысэрскае аддзяленьне Андрэя Ганчарова. Кар’еру пачаў у Каўнаскім драматычным тэатры.

У 1998 годзе Някрошус заснаваў у Вільні тэатральную студыю Meno fortas, вядомую сваімі пастаноўкамі «Макбэта», «Атэла», «Фаўста», «Ідыёта», «Песьні песьняў» і «Боскай камэдыі».

Як опэрны рэжысэр Някрошус паставіў «Макбэта» і «Барыса Гадунова» ў Флярэнцыі і «Фаўста» — у мілянскім «Ля Скала».

За сваю кар’еру рэжысэр паставіў больш за 30 драматычных і опэрных спэктакляў у вядучых тэатрах Літвы, Расеі і Эўропы. Ён ляўрэат шматлікіх прэстыжных прэмій, у тым ліку прэміі Станіслаўскага, «Залатой маскі», прэміі Саюзу тэатраў Эўропы, узнагарод вядучых эўрапейскіх тэатральных фэстываляў. Адной з апошніх прац рэжысэра стаў спэктакль «Цынк» паводле раманаў Сьвятланы Алексіевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG