Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брусэлі праваліліся перамовы па бюджэце Эўразьвязу на 2019 год


Прадстаўнікі краінаў Эўразьвязу і дэпутаты Эўрапарлямэнту не змаглі ўзгадніць праект бюджэту Эўразьвязу на 2019 год. Перамовы ў Брусэлі былі перапыненыя, таму што бакі не дасягнулі пагадненьня, якое задавальняла б усіх, да вызначанага тэрміну ў нуль гадзін у аўторак, 20 лістапада, паведамляе Deutsche Welle.

Як заявіў камісар Эўразьвязу ў пытаньнях бюджэту Гюнтэр Этынгер, «на працягу некалькіх дзён» будзе прадстаўлена новая прапанова бюджэту ад Эўракамісіі, каб забясьпечыць пагадненьне да канца бягучага году. Калі прарыву ў перамовах дасягнуць ня ўдасца, фінансаваньне будзе ажыцьцяўляцца памесячна, зыходзячы з таго бюджэтнага аб’ёму, які існуе цяпер, без заплянаванага на 2019 г. павышэньня.

Раней паведамлялася, што Эўракамісія прапанавала ўхваліць бюджэт у аб’ёме 165,6 мільярдаў эўра, што на 3 адсоткі больш за цяперашні. Калі пачаліся перамовы, прадстаўнікі краін Эўразьвязу запатрабавалі зьнізіць заплянаваны аб’ём на 1,5 млрд эўра, а дэпутаты Эўрапарлямэнту, наадварот, павялічыць яго на 770 млн эўра.

Раней, у жніўні, камісар Этынгер заклікаў урад Нямеччыны падтрымаць заплянаванае павелічэньне бюджэту Эўразьвязу. Між тым фінансавая нагрузка на Нямеччыну, якая зьяўляецца найбуйнейшым бюджэтным донарам ЭЗ (доля Нямеччыны складае каля 35 млрд эўра), а таксама на іншыя краіны павінна ўзрасьці пасьля выхаду Вялікай Брытаніі са складу Эўразьвязу.

У апошнія гады штогадовы ўнёсак Вялікай Брытаніі складаў каля 12 млрд эўра — гэта краіна была трэцім па велічыні платнікам у агульную эўрапейскую касу пасьля Нямеччыны і Францыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG