Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ліса ў куратніку». Амэрыканскія сэнатары супраць расейскага генэрала на чале Інтэрполу


Генэрал-маёр Аляксандар Пракапчук

Сэнатары ЗША перакананыя, што выбраньне генэрал-маёра Аляксандра Пракапчук падарве маральны аўтарытэт Інтэрполу і дазволіць дыктатарам выкарыстоўваць гэтую арганізацыю ў злачынных мэтах, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Чальцы Хэльсынскай камісіі ЗША (вядомай таксама як Камісія бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе) сэнатары-дэмакраты Джын Шахін і Крыс Кунс, а таксама іхныя калегі-рэспубліканцы Роджэр Уікер і Марка Рубіё апублікавалі сумесную заяву, якая заклікае адміністрацыю Трампа і сяброў Генэральнай асамблеі Інтэрполу выступіць супраць кандыдатуры прадстаўніка Расеі Аляксандра Пракапчука на пасаду прэзыдэнта Інтэрполу.

Як чакаецца, галасаваньне ў выбарах новага прэзыдэнта Інтэрполу будзе праведзена на Генэральнай асамблеі гэтай арганізацыі ў Дубаі ў сераду.

У заяве сэнатары адзначаюць, што выбраць Пракапчука новым прэзыдэнтам Інтэрполу — усё адно што «запусьціць лісу ў куратнік» і заклікаюць усіх 192 чальцоў галасаваць супраць Пракапчука.

«Расея рэгулярна злоўжывае Інтэрполам з мэтай зьвядзеньня рахункаў і перасьледу палітычных апанэнтаў, дысыдэнтаў і журналістаў. Аляксандар Пракапчук асабіста ўдзельнічаў у гэтай стратэгіі запалохваньня, якая ў канчатковым выніку імкнецца аслабіць дэмакратычныя інстытуты і яшчэ больш умацаваць аўтарытарны рэжым Пуціна.

Калі ў сераду яго выберуць прэзыдэнтам Генэральнай асамблеі Інтэрполу, мы не сумняваемся, што сп. Пракапчук будзе і далей злоўжываць практыкай рассыланьня „чырвоных апавяшчэньняў“ Інтэрполу і блякаваць прынятыя намаганьні ў правядзеньні значных рэформаў.

Акрамя таго, патэнцыйны доступ, які ён атрымае да адчувальных дадзеных праваахоўных органаў, умацуе здольнасьць Крамля перасьледаваць крытыкаў, якія жывуць за межамі Расеі, і дапаможа іншым аўтарытарным рэжымам, якія імкнуцца зрабіць тое ж самае», — гаворыцца ў заяве.

Расейская Фэдэрацыя — адна з краінаў, якія найбольш актыўна выкарыстоўваюць сыстэму «чырвоных апавяшчэньняў» (цыркуляраў) Інтэрполу, у якой паведамленьні аб арышце накіроўваюцца ўсім краінам-сябрам. Расея выкарыстоўвала сыстэму «чырвоных апавяшчэньняў» для перасьледу расейскіх дысыдэнтаў, крытычна настроеных амэрыканцаў ды іншых асобаў, якія выступаюць супраць агрэсіі Крамля па ўсім сьвеце.

Кандыдат у прэзыдэнты ад прэзыдэнта Інтэрполу генэрал-маёр Аляксандар Пракапчук браў асабісты актыўны ўдзел у кампаніі Крамля па перасьледзе апанэнтаў, якая працягваецца, паколькі з 2011 году ён зьяўляецца кіраўніком расейскага Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрполу.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў адрэагаваў на ліст сэнатараў так: «Напэўна, гэта своеасаблівае ўмяшаньне ў выбарчы працэс».

Да нядаўняга часу Міжнародную крымінальную паліцыю узначальваў прадстаўнік Кітаю Мэн Хунвэй. У кастрычніку, адправіўшыся на радзіму, ён спачатку зьнік, а затым падаў у адстаўку ў сувязі з пачатым супраць яго расьсьледаваньнем па абвінавачваньні ў карупцыі. Цяпер пасаду часовага кіраўніка Інтэрполу займае прадстаўнік Паўднёвай Карэі Кім Ёнг Ян.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG