Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліцыя затрымала 22 чалавекі падчас сутыкненьняў у Атэнах


Вадамёт у цэнтры Атэнаў 17 лістапада 2018

Паліцыя Грэцыі затрымала 22 чалавекі падчас сутыкненьняў 17 лістапада ў Атэнах. 19 чалавек, у тым ліку чацьвярых замежнікаў, зь ліку затрыманых адправілі пад варту.

Учора ў Атэнах адзначалі 45-ю гадавіну паўстаньня студэнтаў Політэхнічнага інстытуту. Паводле розных зьвестак, на вуліцы выйшлі больш за 10 тысяч чалавек. Дэманстранты прынялі ўдзел у традыцыйным маршы пратэсту да амбасады ЗША. Наперадзе калёны яны несьлі грэцкі сьцяг паўстаньня са сьлядамі крыві загінулых студэнтаў і чырвонымі гвазьдзікамі.

Пазьней у раёне Політэхнічнага інстытуту пачаліся сутыкненьні. Пратэстоўцы кідалі ў паліцыянтаў камяні і бутэлькі з запальнай сумесьсю. Паліцыя ў адказ ужыла вадамёты і сьветлашумавыя гранаты. У выніку сутыкненьняў пацярпелі двое паліцыянтаў.

17 лістапада 1973 году ў Політэхнічным інстытуце ў Атэнах пачаліся студэнцкія хваляваньні супраць рэжыму дыктатара Георгіяса Пападопуляса. Тады мірныя выступленьні былі жорстка здушаныя вайскоўцамі. Паводле апошніх зьвестак, загінулі 40 чалавек, больш за тысячу пацярпелі.

Георгіяс Пападопуляс захапіў уладу ў 1967 годзе ў выніку дзяржаўнага перавароту. Ён усталяваў дыктатуру так званай хунты «чорных палкоўнікаў». Пасьля студэнцкіх выступленьняў 1973 году быў скінуты генэралам Дымітрыясам Ёаянідысам. Кіраваньне хунты завяршылася ў 1974 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG