МУС Нямеччыны запусьціў рэклямную кампанію ў бэрлінскім мэтро. Уцекачам, якія да 31 сьнежня 2018 году паведамяць нямецкім уладам аб сваім добраахвотным ад’езьдзе на радзіму, будзе кампэнсаваная гадавая арэнда жыльля на новым месцы (на суму да 3000 эўра), вылучаныя грошы на будаўніцтва або рамонт жыльля або на абсталяваньне.
Гіганцкія білборды са «спэцпрапановай» 13 лістапада былі разьмешчаныя на многіх станцыях бэрлінскага мэтро, МУС зьвяртаецца да пасажыраў на на сямі мовах: ангельскай, нямецкай, францускай, арабскай, пушту, фарсі і рускай, паведамляе Deutsche Welle. На рэкляму было выдаткавана каля 500 тысяч эўра, але колькі мігрантаў скарысталіся бонусам — пакуль невядома.
У МУС Нямеччыны тлумачаць, што мэтавая аўдыторыя рэклямнай кампаніі — замежнікі, якім адмоўлена ў Нямеччыне ў статусе ўцекача. Нямецкія чыноўнікі лічаць, што добраахвотны адʼезд з краіны выгадны абодвум бакам, і самому мігранту, і Нямеччыне. Мігранта ў гэтым выпадку ня будуць прымусова саджаць у самалёт у суправаджэньні паліцэйскага, а таксама ён атрымае грашовы бонус. Цяпер гэта 1200 эўра, калі мігрант зьедзе яшчэ падчас разгляду сваёй заявы аб наданьні прытулку і 800 эўра, калі чалавек пасьля адмовы ня стаў падаваць апэляцыю і зьяжджае на радзіму ў зададзеныя тэрміны. Цяпер да канца 2018 году да гэтых грошай дадасца яшчэ і бонус на аплату жыльля ад МУС Нямеччыны.
Што тычыцца выгод, якія атрымлівае нямецкі бюджэт, то чыноўнікі тлумачаць, што адна прымусовая дэпартацыя каштуе нямецкім падаткаплатнікам 1500 эўра. У той жа час, калі мігрант сам і добраахвотна зьяжджае з краіны, фінансавыя выдаткі дзяржаўных структур скарачаюцца напалову — у сярэднім да 700 эўра. Да таго ж для высылкі мігрантаў часта даводзіцца наймаць чартарныя рэйсы, а яны абыходзяцца бюджэту значна даражэй, чым звычайны авіяпералёт эканом-клясай у адзін канец.
Вопыт Нямеччыны па «добраахвотнай» высылцы бежанцаў не ўнікальны: ад 2016 годе паводле такой жа схемы працуюць, да прыкладу, Бэльгія і Швэцыя.
За першую палову 2018 году зь Нямеччыны, паводле ацэнак tagesschau.de, добраахвотна зьехалі 10 669 чалавек. У той жа час прымусова дэпартавана было 12 261. Аднак гэтая колькасьць можа вырасьці ў наступным годзе: у лістападзе Бундэстаг зрабіў больш жорсткімі правілы прадстаўленьня прытулку ў Нямеччыне і ўвёў дадатковыя праверкі тых, хто яго просіць.