Лінкі ўнівэрсальнага доступу

60 рэкамэндацый ураду. Як выправіць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. АМАП затрымлівае людзей, якія сустракаюць Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка пасьля суду па «справе РЭП»
Ілюстрацыйнае фота. АМАП затрымлівае людзей, якія сустракаюць Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка пасьля суду па «справе РЭП»

Больш як 60 рэкамэндацый Камітэту правоў чалавека (КПЧ) ААН да ўраду Беларусі маюць у сваім складзе і прапановы беларускіх праваабаронцаў дзеля выпраўленьня сытуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Пра гэта паведаміў праваабаронца БХК Дзьмітры Чарных, удзельнік сэсіі КПЧ ААН, якая прайшла ў кастрычніку ў Жэнэве. Там беларуская афіцыйная дэлегацыя давала экспэртам ААН тлумачэньні наконт свайго пэрыядычнага дакладу аб сытуацыі з правамі чалавека.

Заснаваць праваабарончую ўстанову з шырокім мандатам

Ілюстрацыйнае фота. Мілцыя затрымлівае ўдзельнікаў акцыі ЛГБТ у Менску, 2010 год
Ілюстрацыйнае фота. Мілцыя затрымлівае ўдзельнікаў акцыі ЛГБТ у Менску, 2010 год

​Дзьмітры Чарных пералічыў некаторыя з рэкамэндацый, у якіх пазыцыя экспэртаў ААН супала з прапановамі праваабаронцаў.

  • Зрабіць захады дзеля барацьбы з дыскрымінацыяй народнасьці рома ды некаторых сацыяльных групаў, такіх як ЛГБТ-супольнасьць.
  • Забясьпечыць абарону жанчын ад сямейнага гвалту.
  • Забясьпечыць выкананьне правоў людзей з інваліднасьцю, у тым ліку іх доступ да транспарту і дзяржаўных устаноў.
  • Паскорыць інтэграцыю ў грамадзтва дзяцей з абмежаванымі магчымасьцямі праз інклюзіўную адукацыю.
  • Стварыць незалежную нацыянальную праваабарончую ўстанову з мандатам на абарону ўсяго спэктру правоў чалавека.

Паводле праваабаронцы зь «Вясны» Валянціна Стэфановіча, які таксама прысутнічаў на сэсіі КПЧ у Жэнэве падчас выступу чальцоў беларускай афіцыйнай дэлегацыі, экспэрты ААН усё ж спадзяюцца, што Беларусь нарэшце пачне супрацоўнічаць у разглядзе спраў па індывідуальных зваротах.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

«Пакуль такога супрацоўніцтва няма, хоць Беларусь брала на сябе абавязаньні. Усім вядома пра 10 спраў, заведзеных КПЧ ААН пасьля скаргаў асуджаных на сьмерць грамадзян нашай краіны. Але як толькі пра такія рашэньні станавілася вядома, сьмяротныя прысуды тут жа выконваліся, што выглядае як выклік ААН», — кажа Валянцін Стэфановіч.

Прызнаць наяўнасьць людзей, якія зьніклі з палітычных прычын

Ілюстрацыйнае фота. Пікет памяці зьніклых палітыкаў Вітара Ганчара і Анатоля Красоўскага ў Менску, 2015 год
Ілюстрацыйнае фота. Пікет памяці зьніклых палітыкаў Вітара Ганчара і Анатоля Красоўскага ў Менску, 2015 год

​Паводле Валянціна Стэфановіча, на сэсіі КПЧ ААН беларуская дэлегацыя цалкам адмаўляла шмат відавочных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Чаго менавіта не прызнавалі?

  • Што былі і ёсьць палітвязьні.
  • Што ёсьць зьніклыя з палітычных прычын.
  • Што ўжываюцца катаваньні, але закон ня дзейнічае.

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Алег Агееў таксама адзначыў, што рэкамэндацыі КПЧ ААН да беларускага ўраду шмат у чым супадаюць з думкай праваабаронцаў. Ён назваў наступныя:

  • Адмяніць забарону на прафэсійную дзейнасьць журналістам замежных мэдыя без акрэдытацыі.
  • Абмежаваць паўнамоцтвы Міністэрства інфармацыі на пазасудовае ўмяшаньне ў дзейнасьць мэдыя.
  • Зьняць крымінальную адказнасьць паводле артыкулаў аб «паклёпе» і «зьнявазе» ў дачыненьні прэзыдэнта Беларусі, прадстаўнікоў улады і судзьдзяў.
Ілюстрацыйнае фота. Ператрус у офісе інфармацыйнага агенцтва БелаПАН у межах «справы БелТА», 7 жніўня 2018 году
Ілюстрацыйнае фота. Ператрус у офісе інфармацыйнага агенцтва БелаПАН у межах «справы БелТА», 7 жніўня 2018 году

Нацыянальны плян выкананьня рэкамэндацый ААН

Ад 2016 году ў Беларусі дзейнічае так званы «Міжведамасны плян» па рэалізацыі рэкамэндацый Унівэрсальнага пэрыядычнага дакладу ААН па правах чалавека.

Дзеяньне гэтага пляну заканчваецца ў 2019 годзе. Паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча зь «Вясны», Дзьмітрыя Чарных з БХК і Алега Агеева з БАЖ, насьпела неабходнасьць падрыхтоўкі ў Беларусі новага, «Нацыянальнага пляну» выкананьня ўсіх ранейшых заўваг КПЧ ААН, які будзе ўключаць у сябе і апошнія рэкамэндацыі.

Паводле праваабаронцаў, на сэсіі КПЧ ААН у Жэнэве ад чальцоў беларускай афіцыйнай дэлегацыі таксама гучалі меркаваньні, што «Нацыянальны плян» патрэбны і што ён павінен улічыць большасьць рэкамэндацый КПЧ ААН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG