У маштабных пажарах у амэрыканскім штаце Каліфорнія загінуў прынамсі 31 чалавек, паведамляе тэлеканал NBC. Больш за 200 мясцовых жыхароў зьніклі бязь вестак, а больш за 250 тысяч чалавек пакінулі свае дамы праз стыхію.
Большасьць загіблых выяўленыя ў навакольлі горада Парадайз, які быў практычна цалкам зьнішчаны агнём. Там пражывала каля 26 тысяч чалавек.
Агонь зьнішчыў 6 тысяч дамоў, у тым ліку 177 дамоў знакамітасьцяў. Сярод іх — актор Джэрард Батлер, які апублікаваў фатаграфію свайго згарэлага дома ў Малібу. У гэтым жа раёне згарэў і дом Кім Кардаш’ян: паводле знакамітасьці, у яе была толькі гадзіна часу на зборы і выезд.
Дзякуючы зьмене вятроў у нядзелю агонь сьцішыўся, і цяпер пажарным лягчэй стрымліваць яго. Тым не менш, мэтэаролягі паказваюць, што значнай частцы тэрыторыі штату ўсё яшчэ захоўваюцца спрыяльныя ўмовы для фармаваньня вогненнага шторму.
Усяго ў штаце зафіксавана 16 актыўных агмянёў узгараньня. Амэрыканскія ўлады назвалі гэтыя пажары аднымі з самых разбуральных у гісторыі Каліфорніі. У шэрагу акругаў абвешчанае надзвычайнае становішча і «чырвоны» узровень трывогі. Больш за 400 пажарнікаў змагаюцца са стыхіяй.