Брусэль адхіліў ключавую прапанова па Брэксыце прэмʼер-міністра Вялікабрытаніі Тэрэзы Мэй, піша The Times. Мэй прапаноўвала стварыць «незалежны мэханізм» для пераадоленьня мытных праблем пры выхадзе краіны з Эўразьвязу. Улады ЭЗ, аднак, настойваюць на тым, каб вырашаць рознагалосьсі выключна ў Эўрапейскім судзе.
Па дадзеных выданьня, чатыры брытанскіх міністры, якія выступаюць супраць Брэксыта, маюць намер падаць у адстаўку. Гэта ўскладніць працэс перамоваў для Мэй, якая спадзявалася выступіць на іх з абʼяднаным кабінэтам. Зь іншага боку, супраць пляну Мэй гатовыя галасаваць і эўраскептыкі ў парлямэнце краіны, незадаволеныя «мяккім» варыянтам Брэксыта. Пра гэта паведамляе Telegraph.
Раней СМІ распавядалі, што Мэй пераканала Брусэль дазволіць Злучанаму Каралеўству застацца ў Мытным саюзе ЭЗ з захаваньнем права выхаду зь яго, а таксама частковага кантролю за таварамі, што трапляюць з-за мяжы.
Афіцыйным днём Брэксыта зьяўляецца 29 сакавіка 2019 года. Пасьля гэтага пачнецца так званы «пераходны пэрыяд», які працягнецца да 2021 года.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў