Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эўропа пазьбегла самагубства». У Парыжы ўшанавалі ахвяраў Першай сусьветнай вайны


Удзельнікі цырымоніі да 100-годзьдзя заканчэньня Першай сусьветнай вайны
Удзельнікі цырымоніі да 100-годзьдзя заканчэньня Першай сусьветнай вайны

Каля 70 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў сабраліся ў Парыжы ў нядзелю, каб адзначыць стагодзьдзе заканчэньня Першай сусьветнай вайны. Цырымонія праходзіла каля Трыўмфальнай аркі.

Роўна ў 11 гадзін 11 хвілін 11 лістапада па ўсёй Францыі загучалі званы ў памяць ахвяраў Вялікай вайны.

Кіраўнікі дзяржаў падчас жалобнай цырымоніі
Кіраўнікі дзяржаў падчас жалобнай цырымоніі

У гэты час прадстаўнікі 77 краін сьвету сабраліся на збудаваных ля Трыумфальнай аркі трыбунах. Ля магілы невядомага салдата прагучалі ўрыўкі з твораў пісьменьнікаў-удзельнікаў той вайны — на францускай, ангельскай, нямецкай, кітайскай мовах.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон у сваім выступе нагадаў лічбы стратаў падчас Першай сусьветнай вайны: 10 мільёнаў забітых, 6 мільёнаў параненых, мільёны сіротаў.

Эманюэль Макрон з жонкай Брыджыт
Эманюэль Макрон з жонкай Брыджыт

«Цягам гэтых чатырох гадоў Эўропа пазьбегла самагубства. Маладыя людзі з усіх правінцый і з-за мяжы, з усяго сьвету прыйшлі, каб памерці за вёскі, чые назвы яны нават ня ведалі. Шмат хто з тых, хто вярнуўся, страцілі свае ідэалы і сваю радасьць жыцьця. У сьлязах памерлых адбілася сьляза тых, хто выжыў», — эмацыйна казаў прэзыдэнт Францыі.

Эманюэль Макрон выказаў занепакоенасьць, што цяпер «старыя дэманы адраджаюцца».

«Старыя дэманы зноў ўзьнікаюць. Яны гатовыя сеяць хаос і сьмерць. Новыя ідэалёгіі маніпулююць рэлігіямі, прапаведуюць заразны абскурантызм. Часам гісторыя пагражае зноў пайсьці па трагічным шляху і падарваць наш сьвет, які, як мы верым, ужо канчаткова змацаваны крывёй нашых продкаў», — сказаў Макрон, заклікаўшы пакінуць «нашым дзецям сьвет, аб якім марылі пакаленьні людзей».

Урачыстасьці пад Трыюмфальнай аркай
Урачыстасьці пад Трыюмфальнай аркай

Свой выступ ён скончыў заклікам: «Няхай жыве мір, няхай жывуць вольныя народы, жыве Францыя!»

Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў прадстаўлялі ЗША, Нямеччыну, Вялікую Брытанію, Ізраіль, Армэнію, Расею. Ад Беларусі быў запрошаны Аляксандар Лукашэнка, але ён у Парыж не прыехаў. На цырымоніі прысутнічаў старшыня Савету рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясьніковіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG