Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Cлуцак паўстаў супраць бальшавікоў


Падзеі дня 21 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

21 лістапада 1920 году ў Слуцку разгарнулася антыбальшавіцкае паўстаньне. У гэты дзень Рада Случчыны выдала дэклярацыю, у якой заклікала сялянства «на барацьбу за незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах».

А што вы ведаеце пра гэтую старонку беларускае гісторыі? Праверце свае веды ў тэсьце Свабоды.

Таксама ў гэты дзень

1368 год — адбылася Тросьненская бітва паміж войскам ВКЛ і вартавым атрадам Маскоўскага княства. Назву бітва атрымала ад назвы ракі Тросны, што непадалёк ад Масквы. Перамога адкрыла вялікаму князю Альгерду шлях на Маскву, але трохдзённая аблога аказалася беспасьпяховай — за год да гэтага быў пабудаваны маскоўскі Крэмль.

Альгерд адыходзіць ад Масквы, 1370. Мініятура летапіснага зводу XVI стагодзьдзя
Альгерд адыходзіць ад Масквы, 1370. Мініятура летапіснага зводу XVI стагодзьдзя

1910 год - адбылося асьвячэньне касьцёлу Сьвятых Сымона і Алены (Чырвонага касьцёлу) на цяперашняй плошчы Незалежнасьці ў Менску.

1926 год — у Менску завяршыла сваю працу акадэмічная канфэрэнцыя рэформы беларускага правапісу. Гэта быў пік савецкай беларусізацыі. На яе прыехала шмат замежных навукоўцаў. А вось Браніслаў Тарашкевіч, аўтар першай беларускай граматыкі, прыехаць зь Вільні ня змог — яго не пусьцілі польскія ўлады.

Браніслаў Тарашкевіч і ягоная «Беларуская граматыка для школ»
Браніслаў Тарашкевіч і ягоная «Беларуская граматыка для школ»

У гэтым жа 1926 годзе быў адкрыты другі Беларускі дзяржаўны тэатар (БДТ-2) — цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Якуба Коласа ў Віцебску.

Тэатар імя Якуба Коласа
Тэатар імя Якуба Коласа

2013 год — у Кіеве пачаўся шматтысячны мітынг, які прывёў да зьмены ўлады і ўвайшоў у гісторыю як Эўрамайдан.

У гэты дзень нарадзіліся

1910 — Міхаіл Суднік, беларускі мовазнаўца.

1921 — Янка Юхнавец, беларускі паэт, пісьменьнік, драматург, мастак, скульптар.

1925 — Сямён Герус, беларускі графік.

1936 — Марыя Захарэвіч, беларуская акторка тэатру і кіно.

1957 — Мірон Хадакоўскі, гайнаўскі архіяпіскап, брыгадны генэрал і праваслаўны ардынар польскага войска.

У памяці

1790 — памёр Караль Станіслаў Радзівіл, вядомы пад мянушкай «Пане Каханку» — ваявода віленскі, стараста львоўскі, мечнік вялікалітоўскі.

Караль Станіслаў Радзівіл, «Пане каханку»
Караль Станіслаў Радзівіл, «Пане каханку»

Пане Каханку быў найбольш заможным магнатам Рэчы Паспалітай другой паловы XVIII стагодзьдзя і адным з найбагацейшых прадстаўнікоў арыстакратыі ў Эўропе. Князь жыў у Нясьвіжы, вакол яго асобы вілося шмат легендаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG